СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / АСНОВА – ПРАРЫУНЫЯ ТЭХНАЛОГII I СУЧАСНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ
«Звязда», Анатоль Сланеўскi, 1 жнiўня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

АСНОВА – ПРАРЫУНЫЯ ТЭХНАЛОГII I СУЧАСНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ
«Звязда», Анатоль СланеўскI, 1 жнIўня 2007 г.

Сяргей Сiдорскi: «Прарыўныя тэхналогii, новыя, сучасныя прадпрыемствы — аснова для далейшага развiцця нашай эканомiкi»

Тры месяцы таму, калi Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi iнфармаваў Кiраўнiка беларускай дзяржавы аб вынiках работы прамысловасцi краiны ў першым квартале гэтага года, Аляксандрам Лукашэнкам была пастаўлена Ураду задача: нi ў якiм разе не збаўляць узятых тэмпаў эканамiчнага развiцця. Безумоўна, зрабiць гэта было няпроста, калi мець на ўвазе iстотнае павышэнне цаны на энерганосьбiты, якiя пастаўляюцца з суседняй Расii. I ўсё ж сёння можна канстатаваць: гэта не стала сур’ёзнай перашкодай для дзейнасцi большасцi нашых прадпрыемстваў. Удалося захаваць, нягледзячы на ўсе складанасцi, сацыяльную накiраванасць у развiццi эканомiкi краiны.

Рост валавога ўнутранага прадукту за першыя шэсць месяцаў — 8,6 працэнта ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Гэта больш, чым было запланавана. I яшчэ адна лiчба: знiжэнне энергаёмiстасцi прадукцыi склала 14 працэнтаў. Значыць, многiя кiраўнiкi прадпрыемстваў навучылiся лiчыць i эканомiць, рабiць вытворчасць сваёй прадукцыi больш таннай, а значыць — i больш канкурэнтаздольнай. Гэта было адзначана як станоўчы факт на ўчарашнiм пасяджэннi Савета Мiнiстраў, якое прайшло пад старшынствам Прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага.

Тым не менш, кiраўнiк беларускага ўрада ўпэўнены, што не трэба захапляцца прыгожымi агульнымi лiчбамi — неабходна рэальна ацэньваць стан эканомiкi. Так, сёння мы канстатуем, што колькасць стратных прадпрыемстваў па краiне скарачаецца — гэты паказчык зараз не перавышае 18 працэнтаў, але калi зiрнуць на сiтуацыю па канкрэтных ведамствах, то там лiчбы будуць выглядаць крыху iнакш. «Ёсць пытаннi па некаторых прадпрыемствах», — сказаў Сяргей Сiдорскi. Паводле яго слоў, у прыватнасцi, па Мiнпраму сёння маецца 31 працэнт стратных прадпрыемстваў. Гэта значыць, трэцяя частка эканомiкi стратная, i калi адкiнуць кафэ, сталовыя (невялiкiя суб’екты гаспадарання), то за агульнымi лiчбамi, лiчыць Прэм’ер-мiнiстр, мы ўбачым у цэлым не зусiм спрыяльную сiтуацыю.

Такое становiшча не можа задавальняць. Таму неабходна ўважлiва паглядзець i прааналiзаваць работу стратных прадпрыемстваў — прычым лiтаральна кожнага з iх — каб у II паўгоддзi фiнансава-эканамiчныя паказчыкi былi выпраўлены. Спецыяльна створаная рабочая група пад кiраўнiцтвам мiнiстра эканомiкi Мiкалая Зайчанкi дэталёва вывучыць дзейнасць стратных прадпрыемстваў, глыбiню iх крызiсу. Гэтая група павiнна выпрацаваць радыкальныя прапановы аб тым, якiя арганiзацыi можна аздаравiць, а ў адносiнах да якiх неабходны iншыя меры — аж да лiквiдацыi i продажу актываў за сiмвалiчную цану дзеля засваення новых перспектыўных напрамкаў i захавання працоўных месцаў.

У той жа час як вельмi станоўчы факт работы эканомiкi за гэты перыяд прэм’ер-мiнiстр адзначыў высокiя тэмпы iнавацыйнага развiцця. «Мы назiраем укараненне прарыўных тэхналогiй, увядзенне ў строй буйных вытворчасцяў — такiх, як новы трубны цэх на Беларускiм металургiчным заводзе, — сказаў Сяргей Сiдорскi. — Прарыўныя тэхналогii, новыя, сучасныя прадпрыемствы — аснова для далейшага развiцця нашай эканомiкi». Таму, як лiчыць Прэм’ер-мiнiстр Беларусi, менавiта на гэты напрамак неабходна звярнуць увагу ў будучым пры рэалiзацыi асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны.

З гэтым пагадзiўся i Першы намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Уладзiмiр Сямашка, якi рабiў асноўны даклад аб вынiках сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi ў I паўгоддзi 2007 года. Паводле яго слоў, беларускiя прадпрыемствы павiнны навучыцца працаваць па-новаму, шукаць новыя рынкi, у тым лiку i на далёкiх кантынентах. У Беларусi ў I паўгоддзi, дарэчы, прыпынены рост адмоўнага знешнегандлёвага сальда (без улiку энерганосьбiтаў). Урад зрабiў усе намаганнi для таго, каб сальда гандлёвага балансу было мiнiмiзавана. За I паўгоддзе з беларускай эканомiкi за газ i нафту пайшло 2,2 млрд долараў. Цяпер адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу прыпынена на адзнацы 800 млн долараў. Добра, што ўсё гэта назiраецца пры значным росце замежных iнвестыцый у нашу краiну (больш як 1 млрд долараў за паўгода), росце экспарту паслуг (у гэтым годзе Беларусь аказала паслуг за межамi краiны таксама больш як на 1 млрд долараў). «Трэба выходзiць на новыя рынкi — такiя, як Венесуэла, Iран, Кiтай, Аб’яднаныя Арабскiя Эмiраты», — лiчыць Уладзiмiр Сямашка.

Тым больш, што запасы гатовай прадукцыi зараз складаюць 3,4 трлн рублёў — а гэта 8 працэнтаў усяго аб’ёму вырабленай прамысловай прадукцыi. «Так што — працуйце i распрадавайце», — заклiкаў Уладзiмiр Сямашка кiраўнiкоў беларускiх прадпрыемстваў.

Адной з важных задач урада на блiжэйшую перспектыву Уладзiмiр Сямашка лiчыць неабходнасць хутчэйшага стварэння льготных умоў для вытворчасцi айчынных спажывецкiх тавараў.

— Неабходна яшчэ раз разгледзець пытанне аб мэтазгоднасцi стымулявання вытворчасцi спажывецкiх тавараў, гэтае пытанне разглядаецца ўжо больш як шэсць месяцаў, — сказаў Уладзiмiр Сямашка. Паводле яго слоў, у выпадку прыняцця такога рашэння толькi ў абутковай падгалiне адлiчэннi ў бюджэт не толькi не зменшацца, яны вырастуць у 2,2 раза. Льготныя ўмовы падаткаабкладання абутковых прадпрыемстваў дазволяць праз тры гады павялiчыць выпуск абутку з сённяшнiх 6 мiльёнаў пар у год да 40 мiльёнаў. Як заявiў Сяргей Сiдорскi, па вытворчасцi тавараў шырокага попыту «будзем напрамую дакладваць Прэзiдэнту». Прадастаўленыя прэферэнцыi павiнны працаваць, а прадпрыемствы павiнны выходзiць на прадугледжаныя параметры эфектыўнасцi. I марудзiць з гэтым нельга, адзначалася на пасяджэннi Савета Мiнiстраў.