СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / НЕЭФЕКТЫУНЫЯ ПАДАТКI КАНУЦЬ У ЛЕТУ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 1 верасня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

НЕЭФЕКТЫУНЫЯ ПАДАТКI КАНУЦЬ У ЛЕТУ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 1 верасня 2007 г.

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі і міністр эканомікі Мікалай Зайчанка ацанілі закладзеныя на будучы год важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны як дастаткова напружаныя і няпростыя.

Аднак, як зазначыў міністр эканомікі на ўчарашнім пасяджэнні Савета Міністраў, на якім, у прыватнасці, разглядаўся і праект указа Прэзідэнта "Аб зацвярджэнні важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2008 год", толькі іх няўхільнае выкананне дазволіць ажыццявіць правядзенне збалансаванай палітыкі павышэння ўзроўню рэальных грашовых даходаў насельніцтва на 108—109 працэнтаў, росту рэальнай зарплаты на ўзроўні 107,5—108 працэнтаў.

Нагадаем, што рост валавога ўнутранага прадукту на наступны год запланаваны на ўзроўні 107,5—108,5 працэнта, прамысловай вытворчасці — 107—108, сельскагаспадарчай — 106,5—108, інвестыцый у асноўны капітал — 115—117, узровень інфляцыі запланаваны ў межах 6—8 працэнтаў. "Параметры няпростыя, над імі неабходна ў кожным міністэрстве папрацаваць, разгарнуць на аснове прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны галіновыя праграмы з тым, каб максімальна выканаць вызначаныя параметры", — падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Важнае значэнне для забеспячэння прагнозу, на думку прэм’ера, мае рэалізацыя інавацыйнай праграмы. У адпаведнасці з дакументам, да 2010 года ў Беларусі павінна быць створана больш за 100 новых прадпрыемстваў і 380 новых вытворчасцяў. Прэм’ер-міністр зазначыў, што ў праекце бюджэту на 2008 год прадугледжваецца максімальная падтрымка інвестыцыйных праектаў. Дзяржава будзе аказваць падтрымку тым прадпрыемствам, якія рэалізуюць важнейшыя інвестпраекты ў выглядзе кампенсацыі часткі працэнтнай стаўкі па банкаўскіх праектах.

Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка, які прадстаўляў праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2008 год, асаблівую ўвагу ўдзяліў тым макраэканамічным умовам, якія дазволяць дасягнуць намечаных урадам мэтаў. У прыватнасці, ён расказаў аб захадах, якія ў наступным годзе будуць прадпрыняты для аптымізацыі падатковай сістэмы і зніжэння падатковага ціску на эканоміку. Так, прадугледжваецца, што ў 2008 годзе будзе адменены адзін з абаротных падаткаў, які аказвае негатыўны ўплыў на канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі. Размова ідзе пра падатак з карыстальнікаў аўтадарог, які спаганяецца па стаўцы 1 працэнт ад выручкі. Гэты крок, як патлумачыў міністр, нават пры павелічэнні стаўкі ПДВ да 20 працэнтаў дазволіць забяспечыць зніжэнне выдаткаў арганізацый і павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешніх рынках. Акрамя таго ён адзначыў, што для суб’ектаў гаспадарання ва ўмовах дзеючай заліковай схемы ПДВ такая рэформа, калі адмяняецца абаротны падатак і як кампенсатар уводзіцца павышаная стаўка ПДВ, вядзе толькі да паляпшэння фінансавага становішча. Разам з тым, ёсць і негатыўнае наступства падобнага кроку — павышэнне інфляцыі на 1 працэнт. Аднак Мінэканомікі плануе ўкласціся ў параметр па інфляцыі, прадугледжаны праектам прагнозу. "Мы лічым, што гэта прымальны крок, тая цана, якую мы павінны заплаціць за рэформу, якая будзе спрыяць стымуляванню экспарту і ў цэлым фінансаваму паляпшэнню становішча прадпрыемстваў", — сказаў Мікалай Зайчанка. Да таго ж у 2008 годзе плануецца адмяніць і шэраг неэфектыўных дробных падаткаў, якія спаганяюцца ў асноўным на мясцовым узроўні.

Паводле слоў міністра, прагноз знешняга гандлю таварамі і паслугамі на 2008 год разлічаны спецыялістамі на падставе ацэнкі вынікаў знешняга гандлю на канец гэтага года. І зроблены ён з улікам тых умоў, што склаліся. Згодна з папярэднімі разлікамі, сальда па таварах і паслугах за 2007 год ацэньваецца ў мінус 2,1 млрд долараў. Зыходзячы з апошняй лічбы, а таксама з прагназуемых на 2008 год апераджальных тэмпаў росту экспарту над імпартам, мяркуецца, што сальда ў будучым годзе будзе адмоўным дзесьці на ўзроўні мінус 1,4 млрд. Гэта значыць, што ў параўнанні з чакаемым узроўнем 2007 года сальда знешняга гандлю ў будучым годзе палепшыцца на 700 млн долараў.

Як паведаміў міністр фінансаў Мікалай Корбут, дэфіцыт бюджэту на 2008 год вызначаны на ўзроўні 2 працэнты да ВУП — больш за 2,2 трлн рублёў. Даходы кансалідаванага бюджэту з улікам фондаў прагназуюцца ў суме 50,5 трлн рублёў, што на 13,9 працэнта больш, чым сёлета, без уліку фондаў — 38,5 трлн. Расходы кансалідаванага бюджэту без уліку фондаў запланаваны ў суме 40,8 трлн рублёў, што на 15,3 працэнта больш, чым у 2007 годзе. Між іншым, на льготнае крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва ў будучым годзе будзе выдзелена з бюджэту 346 млрд рублёў.

На ўчарашнім пасяджэнні Савета Міністраў праект важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2008 год быў адобраны і Прэм’ер рэкамендаваў накіраваць дакумент на подпіс кіраўніку дзяржавы.