СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / Дзяржаўная праграма аўтамабільных перавозак была разгледжана Урадам
«Звязда»,А.Сланеўскі,3.10.07г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

Дзяржаўная праграма аўтамабільных перавозак была разгледжана Урадам
«Звязда»,А.Сланеўскі,3.10.07г.

Міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў і пасажыраў можна аднесці да тых галін эканомікі краіны, якія апошнім часам найбольш дынамічна развіваюцца і стабільна прыносяць даходы ў дзяржаўны бюджэт. Продаж на экспарт паслуг у выглядзе перавозак аўтатранспартам — выключна выгадная галіна знешнеэканамічнай дзейнасці, важнае значэнне мае і тая акалічнасць, што аўтамабільныя перавозкі не патрабуюць вялікіх інвестыцый і хутка акупляюцца.

Такія перавагі аўтамабільнага транспарту, як хуткасць, дастаўка па прынцыпу "ад дзвярэй да дзвярэй" у дакладна вызначаны час, высокая захаванасць грузаў, аказваюць уплыў на выбар кліентуры на карысць перавозак менавіта аўтамабільным транспартам. І перш за ўсё таму, што гэтыя перавагі паскараюць абарот капіталу, што мае прыярытэтнае значэнне ва ўмовах станаўлення і развіцця рынкавай эканомікі.

Пяць гадоў таму ў краіне была распрацавана Дзяржаўная праграма развіцця міжнародных перавозак пасажыраў і грузаў, якая была разлічана на 2003—2008 гады. Яна павінна была зняць многія праблемы, каб прыцягнуць у Беларусь валютныя сродкі і наогул стварыць спрыяльныя эканамічныя, прававыя, тэхнічныя ўмовы для развіцця галіны. Усяго праграма ўключае ў сябе 27 мерапрыемстваў па развіццю міжнародных аўтаперавозак грузаў і 29 мерапрыемстваў па міжнародных аўтаперавозках пасажыраў.

Учора гэтая праблематыка была разгледжана на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Яно прайшло пад старшынствам Прэм’ера Сяргея Сідорскага.

Вядома, ёсць тут і нямала праблем. Іх нявырашанасць перашкаджае развіццю міжнародных аўтамабільных перавозак у Беларусі. Сярод іх — высокая падатковая нагрузка пры ажыццяўленні аўтаперавозак, неабходнасць тэрміновай замены аўтапарка на машыны больш высокіх экалагічных патрабаванняў (без апошняга нам у Еўропе няма чаго рабіць) і іншае. Аб усім гэтым падрабязна і бойка расказваў міністр транспарту і камунікацый Уладзімір Сасноўскі. Паводле яго слоў, галіна "ў цэлым" развіваецца стабільна. Аб’ём экспарту паслуг пры перавозцы пасажыраў аўтамабільным транспартам летась склаў 3,8 млн долараў і вырас у параўнанні з папярэднім годам на 36 працэнтаў. Сёлета, паводле прагнозаў, гэтая лічба павінна скласці 4,2 мільёна. Таксама ў першым паўгоддзі 2007 года істотна вырас экспарт паслуг па перавозцы грузаў — са 137 да 190 мільёнаў долараў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Да таго ж за апошнія чатыры гады замежныя перавозчыкі амаль удвая павялічылі транзіт цераз Беларусь. Гэта прывяло да істотнага росту іншых аўтатранспартных паслуг (аплата дарожных збораў, прыдарожны сэрвіс і інш.). Гучалі і іншыя лічбы, якія павінны былі засведчыць станоўчую дынаміку работы галіны...

Аднак у Сяргея Сідорскага адразу ж з’явіліся пытанні: чаму, калі так усё добра ў дакладзе, не выконваюцца прагнозныя паказчыкі — прычым не асобныя пункты Дзяржаўнай праграмы, а ўся яна — цалкам? Чаму зніжаецца агульная колькасць паездак? Чаму рэзка змяншаецца колькасць аўтатранспартных сродкаў? Чаму беларускія перавозчыкі вымушаны рэгістраваць свае кампаніі за мяжой (у Расіі)? Чаму мала закупляецца айчынных турыстычных аўтобусаў?.. Чаму экспарцёры для перавозак экспартных грузаў актыўна прыцягваюць замежныя, а не беларускія кампаніі? Было многа "чаму?", але дакладнага адказу на гэтыя вострыя пытанні прысутныя ад міністра і яго першага намесніка так і не пачулі. Таму Сяргей Сідорскі вымушаны быў канстатаваць: "Праграма не выконваецца цягам некалькіх гадоў запар. У міністэрства ёсць вялікія грошы, але яны трацяцца неэфектыўна і нічога ў сферы транспарту не робіцца". Прэм’ер запатрабаваў стварыць такія ўмовы, каб грузы беларускіх вытворцаў перавозіліся беларускімі перавозчыкамі. Паводле яго слоў, у краіне неабходна стварыць адзіную транспартна-экспедыцыйную кампанію, якая будзе кіраваць усім працэсам аўтаперавозак. Акрамя таго, прэм’ер-міністр лічыць, што патрэбна тэрмінова вырашыць праблему абнаўлення аўтапарка, а таксама распрацаваць эфектыўную работу лізінгавых схем для набыцця новых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асаблівая ўвага павінна надавацца і развіццю сэрвіснага абслугоўвання беларускай аўтатэхнікі — як на тэрыторыі нашай краіны, так і за яе межамі.

Улічваючы ўсё гэта, С. Сідорскі адзначыў, што Камітэту дзяржкантроля неабходна даць сваю ацэнку дзейнасці кіраўніцтва міністэрства, а сам Мінтранс да 15 кастрычніка ва ўзаемадзеянні з іншымі міністэрствамі і ведамствамі павінен дапрацаваць пералік мераў па выкананню параметраў Дзяржаўнай праграмы, а таксама "вызначыць кола адказных асобаў, якія персанальна панясуць адказнасць за невыкананне сваіх абавязкаў".