СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЖЫЦЦЁ БЕЗБАР’ЕРНАЕ
«Звязда», Анатоль Сланеўскi, 4 красавiка 2007г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЖЫЦЦЁ БЕЗБАР’ЕРНАЕ
«Звязда», Анатоль СланеўскI, 4 красавIка 2007г.

Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава: практычна ўсе катэгорыi нашага насельнiцтва ў сваёй працоўнай дзейнасцi i адпачынку так цi iнакш абаронены заканадаўствам. Але гэта, вядома, не азначае, што праблем у нас няма, i галоўнае тут — не рабiць выгляд, што ўсё ў парадку, а своечасова заўважыць праблемны момант, каб можна было як мага больш хутка i эфектыўна яго вырашыць.

Напрыклад, у нашай краiне за апошнiя гады вырасла колькасць iнвалiдаў. За 2002—2006 гады яна павялiчылася на 31 тысячу чалавек i дасягнула 509 тысяч. Удзельная вага iнвалiдаў у агульнай колькасцi насельнiцтва вырасла з 4,8 працэнта ў 2002 годзе да 5,2 працэнта летась. Дарэчы, гэта праблема ўсiх iндустрыяльных дзяржаў. Але ў той жа Германii, Францыi цi ЗША колькасць фiзiчна абмежаваных людзей крыху большая i дасягае 10 працэнтаў ад агульнай колькасцi насельнiцтва.

Справа, вядома, не ў працэнтах. За кожнай лiчбай — жывы чалавек з яго паўсядзённымi праблемамi, вырашыць якiя, самастойна ён часам не можа. I тады дзяржава павiнна прыйсцi на дапамогу. Прэзiдыум Савета Мiнiстраў учора на сваiм пасяджэннi разгледзеў i адобрыў Праграму «Аб безбар’ерным асяроддзi жыццядзейнасцi фiзiчна аслабленых асобаў на 2007—2010 гады». Праект праграмы распрацаваны па ўказанню Прэзiдэнта краiны.

Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi падчас абмеркавання дакумента адзначыў, што неабходна мiнiмiзаваць рост iнвалiднасцi ў краiне. Мясцовыя органы ўлады, паводле яго слоў, павiнны зрабiць аналiз, паглядзець, за кошт якiх фактараў iдзе рост i дзе неабходна прыняць меры.

Мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Уладзiмiр Патупчык, якi прадстаўляў на пасяджэннi праект праграмы, у гэтай сувязi адзначыў, што на рост iнвалiднасцi ўплываюць такiя фактары, як агульнае старэнне насельнiцтва, развiццё медыцынскiх тэхналогiй, якiя дапамагаюць падоўжыць жыццё цяжка хворым людзям, а таксама дарожна-транспартны i вытворчы траўматызм, павелiчэнне колькасцi немаўлят з прыроджанымi анамалiямi. Дарэчы, найбольшая колькасць iнвалiдаў жыве ў Мiнску, Мiнскай i Гомельскай абласцях.

Аднак гаворка вядзецца не толькi пра iнвалiдаў, якiя маюць фiзiчныя абмежаваннi, але i пра iншых фiзiчна аслабленых людзей. Iх у Беларусi больш як 2,4 мiльёна. Гэта — пенсiянеры па ўзросту (1,9 млн чалавек), гэта 126 тысяч дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, 266 тысяч малых дзяцей (ва ўзросце да 3 гадоў), гэта таксама — цяжарныя жанчыны i iншыя катэгорыi насельнiцтва, у якiх абмежаваныя магчымасцi для перамяшчэння. Мiж тым, як адзначыў мiнiстр, удзельная вага аб’ектаў рознай сацыяльнай iнфраструктуры, якiя дапамагаюць наладжваць быт такiм людзям, у цэлым па краiне складае толькi каля 20 працэнтаў. Напрыклад, у большасцi шматкватэрных дамоў да патрэбнасцяў фiзiчна аслабленых людзей не прыстасаваны ўваходы, лесвiцы, лiфты. Планiровачная структура самога жылля таксама не ўлiчвае запатрабаваннi тых жа iнвалiдаў-калясачнiкаў. Тое ж самае можна сказаць i пра магазiны, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, грамадскi транспарт... I вось гэтая дзяржаўная праграма (аналагаў яе, дарэчы, няма нi ў адной з дзяржаў на постсавецкай прасторы, за выключэннем Расii, дзе распрацаваны толькi рэгiянальныя праграмы) павiнна зняць вастрыню праблемы. Паводле слоў вiцэ-прэм’ера Аляксандра Косiнца, рэалiзацыя запланаваных на гэтыя чатыры гады мерапрыемстваў дазволiць павысiць у Беларусi долю аб’ектаў, прыстасаваных для незалежнага пражывання фiзiчна аслабленых асобаў, паляпшэння якасцi iх жыцця, да 50 працэнтаў. Але гэта толькi першы этап. У далейшым, пасля 2010 года, плануецца распрацаваць чарговы этап праграмы i давесцi ўдзельную вагу безбар’ернага асяроддзя да 100 працэнтаў.

У яе рэалiзацыi будуць задзейнiчаны самыя розныя ведамствы. Ужо сёлета будзе праведзена поўная iнвентарызацыя аб’ектаў сацыяльнай iнфраструктуры, у тым лiку i жылля, з тым, каб затым цалкам забяспечыць патрэбы гэтай групы насельнiцтва. Будзе закуплена два дзесяткi пасажырскiх вагонаў, спецыяльна абсталяваных для iнвалiдаў-калясачнiкаў, гарадскiмi ўладамi будуць заказаны амаль 840 адзiнак нiзкападлогавых аўтобусаў i тралейбусаў, прадугледжана рэканструкцыя амаль 6 тысяч будынкаў, якiя знаходзяцца ў падпарадкаваннi розных мiнiстэрстваў i ведамстваў. Усяго з розных крынiц фiнансавання на рэалiзацыю праграмы будзе затрачана больш як 160 мiльёнаў долараў у эквiваленце. I калi ўсё будзе зроблена як належыць, сотнi тысяч грамадзян краiны, якiя сёння маюць нязручнасцi ў сваiм жыццi, гэтай непрыемнасцi пазбавяцца. «Закладзеныя ў праграме падыходы забяспечваюць дастатковы ўзровень клопату беларускай дзяржавы пра грамадзян, якiм сёння патрэбна дапамога», — адзначыў Сяргей Сiдорскi.