СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЖАМЧУЖНЫ БЕЛАРУСI I ЭКАНАМIЧНЫ ЭФФЕКТ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 4 снежня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЖАМЧУЖНЫ БЕЛАРУСI I ЭКАНАМIЧНЫ ЭФФЕКТ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 4 снежня 2007 г.

Даволi складаным выдалася ўчарашняе абмеркаванне на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Беларусi праектаў Нацыянальнай стратэгii развiцця i кiравання сiстэмай прыродаахоўных тэрыторый на перыяд да 2015 года, Схемы рацыянальнага размяшчэння асаблiва ахоўных прыродных тэрыторый рэспублiканскага значэння да 1 студзеня 2015 года, Дзяржаўнай праграмы рацыянальнага развiцця сiстэмы асаблiва ахоўных прыродных тэрыторый на 2008—2012 гады: на думку Прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага, з кожнага лiста прапанаваных дакументаў праймае чыноўнiцкай бюракратыяй — абы распiсаць грошы. "Нi стратэгii, нi плана ў праектах няма: у наяўнасцi — размеркаванне рэсурсаў па асобных артыкулах", — зазначыў кiраўнiк Урада.

Ацэньваючы прадастаўленыя на пасяджэнне праекты, Сяргей Сiдорскi, у прыватнасцi, заўважыў, што ў краiне павiнна быць створана простая i даступная праграма развiцця сiстэмы ахоўных прыродных тэрыторый, якая будзе працаваць на дзяржаву. Паводле яго слоў, неабходна зрабiць так, каб тыя ж прыродаахоўныя зоны сталi жамчужынамi Беларусi i прыносiлi максiмальны эканамiчны эфект. "Калi мы ўкладваем у праграму мiльярды рублёў, то яны павiнны даваць аддачу краiне з улiкам захавання прыродных крынiц, якiмi потым будуць карыстацца нашы нашчадкi", — патлумачыў прэм’ер.

Дарэчы, паводле звестак мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Лявонцiя Харужыка, на рэалiзацыю дзяржаўнай праграмы развiцця асаблiва ахоўных прыродных тэрыторый патрабуецца больш за 108 млрд рублёў. Ён таксама паведамiў пра тое, што зараз у Беларусi налiчваецца 1441 асаблiва ахоўная прыродная тэрыторыя (ААПТ), у сiстэму якой уваходзяць Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк, 4 Нацыянальныя паркi — "Белавежская пушча", "Браслаўскiя азёры", "Прыпяцкi" i "Нарачанскi", 99 заказнiкаў рэспублiканскага значэння i 414 — мясцовага, 337 помнiкаў прыроды рэспублiканскага значэння i 586 — мясцовага. Акрамя таго, на тэрыторыi рэспублiкi створаны трансгранiчны бiясферны рэзерват "Прыбужскае Палессе". Агульная плошча ААПТ складае 8,3 працэнта ад тэрыторыi краiны. Згодна з прапановай Мiнпрыроды, да 2015 года плануецца павялiчыць яе на адзiн працэнт. Мiж тым, падобная iнiцыятыва не была падтрымана ў ходзе пасяджэння. У прыватнасцi, Сяргей Сiдорскi ў адказ прапанаваў больш актыўна заняцца абнаўленнем ужо iснуючых ААПТ. "Неабходна берагчы тое, што ёсць, каб гэтыя тэрыторыi мелi мiжнародны статус", — лiчыць Прэм’ер. Гэта зробiць зоны больш прывабнымi для турыстаў, будзе спрыяць прытоку iнвестыцый.

Сяргей Сiдорскi ўсё ж адзначыў, што ў праграме ёсць цiкавыя думкi, аднак яны павiнны быць сiстэмазаваныя, увязаныя з развiццём рэгiёнаў. "Нельга выкiдваць грошы ў пустэчу, не ведаючы, што мы ў вынiку атрымаем", — лiчыць Прэм’ер. А таму ён запатрабаваў карэнным чынам перапрацаваць дакументы i падаць iх на разгляд Ураду да канца гэтага года.