СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ІНАВАЦЫІ Ў АДУКАЦЫІ
«Звязда», Ігар Шчучэнка, 5 верасня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ІНАВАЦЫІ Ў АДУКАЦЫІ
«Звязда», Ігар Шчучэнка, 5 верасня 2007 г.

Сёння, з улікам сучасных патрабаванняў да развіцця сістэмы адукацыі, задача педагогаў не павінна абмяжоўвацца звыклай падачай кніжнага альбо часам ужо састарэлага матэрыялу. І не важна, ідзе размова пра школьніка, студэнта альбо навучэнца вучылішча: на ўсіх этапах адукацыі спецыялістам неабходна імкнуцца даць моладзі як мага больш ведаў, навучыць яе ўспрымаць новае, ствараць новае на тым працоўным месцы, да якога яна рыхтуецца.

Паводле слоў міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, які прадстаўляў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў праект Кодэкса аб адукацыі, распрацоўшчыкам гэтага дакумента ўдалося закласці інавацыйныя прынцыпы развіцця адукацыі на ўсіх этапах — пачынаючы ад дашкольнага навучання і заканчваючы сістэмай павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Як падкрэсліў падчас абмеркавання праекта віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец, мы сёння павінны бачыць не проста атрыманы выпускніком дыплом, а мець сапраўды дыпламаванага спецыяліста. Менавіта на гэта і накіравана ўся сістэма Кодэкса аб адукацыі. Разам з тым, нельга казаць пра тое, што сённяшняя сістэма адукацыі нашай рэспублікі ў нечым саступае аналагічным сістэмам іншых краін. Па эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і яго выніках яна цалкам супастаўляльная з сістэмамі развітых дзяржаў. Дарэчы, зараз у рэспубліцы налічваецца звыш 8,6 тыс. устаноў адукацыі і каля 2,2 млн навучэнцаў. Навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі забяспечвае больш за 400 тыс. работнікаў, у тым ліку каля 240 тыс. педагогаў.

Як зазначыў міністр адукацыі, распрацоўваўся Кодэкс спецыялістамі два гады, і рэспубліка ў гэтым пытанні з’яўляецца ў многім першапраходцам. Справа ў тым, што, напрыклад, у той жа Расіі падобны дакумент зараз ствараецца, а ў Францыі ёсць толькі агульная частка Кодэкса. Беларускі ж праект засноўваецца на прынятых законах у сферы адукацыі, ён не прадугледжвае канцэптуальнага змянення палажэнняў дзеючага заканадаўства. "Кодэкс забяспечвае нарматыўную базу для ўжо існуючых тэндэнцый развіцця адукацыі, для існуючай сістэмы і нацэльвае нас на рэалізацыю галоўных задач, вызначаных кіраўніком дзяржавы, — інавацыйны шлях развіцця краіны, забеспячэнне ўсіх галін эканомікі здольнымі кадрамі, вызначае перспектыву ў цэлым развіцця галіны як асноўнага рухавіка развіцця грамадства і дзяржавы", — сказаў Аляксандр Радзькоў. У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што Кодэкс аб адукацыі павінен улічваць інавацыйнае развіццё гэтай сферы. "Кожны павінен атрымаць дастойную адукацыю, мець права выбару", — заявіў прэм’ер, калі гаворка зайшла пра гімназіі, ліцэі і класы з паглыбленым вывучэннем прадметаў. І патлумачыў, што вышэйзгаданыя ўстановы не павінны стаць прывілеяй толькі тых дзяцей, якія маюць заможных бацькоў.

Немалаважны момант, на якім спыніўся ў ходзе абмеркавання дакумента віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец, — павышэнне прафесіяналізму выкладчыкаў навучальных устаноў. У прыватнасці, віцэ-прэм’ер назваў некалькі ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі, дзе толькі 7—20 працэнтаў выкладчыкаў маюць сапраўдны вопыт працы на вытворчасці. Астатнія, як высветлілася, прыйшлі на кафедры пасля студэнцкай лаўкі. А таму, заўважыў Аляксандр Косінец, ставіцца задача, каб апошнія павысілі кваліфікацыю, выйшлі ў рэальны сектар эканомікі і паглядзелі, што там робіцца. Як можна, здзіўляецца віцэ-прэм’ер, вучыць толькі па кнігах, не ведаючы, што робіцца на вытворчасці.

Падводзячы вынікі абмеркавання Кодэкса, Сяргей Сідорскі, у прыватнасці, зазначыў, што дэтальнай прапрацоўкі патрабуе пытанне, якое датычыць сацыяльных стыпендый, што выплачваюцца, да прыкладу, дзецям з няпоўных сем’яў. Наогул жа, прэм’ер выказаўся за падтрымку дакумента. Як пазней паведаміў журналістам Аляксандр Радзькоў, праект з улікам некаторых заўваг будзе дапрацаваны і потым накіраваны на разгляд у парламент.