СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЭКАНОМIЦЬ НА... ПАСРЭДНIКАХ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 11 красавiка 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЭКАНОМIЦЬ НА... ПАСРЭДНIКАХ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 11 красавIка 2007 г.

Неабходна пашыраць пералiк тавараў, якiя будуць выстаўляцца на бiржавых таргах, — такую задачу перад буйнейшымi айчыннымi вытворцамi i спажыўцамi на чарговым пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў паставiў Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi.

Кацiроўка цэн на экспарт беларускай прадукцыi на ААТ «Беларуская ўнiверсальная таварная бiржа» iдзе ўверх, а па iмпарту, наадварот, унiз. Гэта адбываецца ў тым лiку i за кошт таго, што пры арганiзацыi закупак тавараў на бiржы i iх продажы за мяжу беларускiм вытворцам i спажыўцам удаецца адысцi ад працы з пасрэднiкамi. Таму сёння неабходна пашыраць пералiк тавараў, якiя будуць выстаўляцца на бiржавых таргах, — такую задачу перад буйнейшымi айчыннымi вытворцамi i спажыўцамi на чарговым пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў паставiў Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi. «Чым больш тавараў будзе прадавацца праз бiржу, тым лепш. Мы дакладна ўяўляем, што трэба карпатлiва працаваць, займацца таргамi — гэта дае вынiк»,— заявiў кiраўнiк Урада.

У сваю чаргу старшыня праўлення ААТ «Беларуская ўнiверсальная таварная бiржа» Аркадзь Салiкаў агучыў перспектывы развiцця бiржы, удасканалення яе працы. Паводле яго слоў, плануецца, што тут будуць пачаты таргi каляровымi металамi, будаўнiчымi матэрыяламi, рапсавым алеем, лекавымi прэпаратамi i iншай прадукцыяй. Што ж датычыцца мерапрыемстваў, якiя павiнны палепшыць працу бiржы, то, у прыватнасцi, гэта i прапрацоўка пытанняў арганiзацыi тэрмiновага бiржавога рынку, больш актыўнае супрацоўнiцтва з банкамi i страхавымi кампанiямi, паляпшэнне электроннай гандлёвай сiстэмы. А наогул, як падкрэслiў Аркадзь Салiкаў, бiржавы рынак актывiзуецца i расце. Галоўны ж эканамiчны эфект для рэспублiкi заключаецца ў тым, што бiржавы механiзм дазваляе рэалiзаваць дзяржаўныя рэсурсы па рыначных цэнах. Летась i за першы квартал гэтага года толькi за кошт змянення цэн у ходзе бiржавых таргоў у адносiнах да першапачаткова заяўленых беларускiя прадаўцы атрымалi дадатковую выручку, а пакупнiкi зэканомiлi сродкаў на суму эквiвалентную 68 мiльярдам рублёў. Разам з тым Аркадзь Салiкаў узгадаў i пра праблемы, што iснуюць на бiржы. Адна з iх — невыкананне дагаворных абавязацельстваў як па тэрмiнах, так i па якасцi. Таксама сур’ёзнай праблемай кiраўнiк бiржы назваў зняцце раней заяўленых лотаў у дзень таргоў. У сукупнасцi падобныя праблемы выклiкаюць абгрунтаваныя прэтэнзii да бiржы i падрываюць аўтарытэт краiны як надзейнага гандлёвага партнёра, зазначыў Аркадзь Салiкаў.

Як вядома, зараз бiржа арганiзоўвае таргi па трох напрамках: метал, лес i сельгаспрадукцыя. Таргi металапрадукцыяй паказалi сваю эфектыўнасць: па асноўных пазiцыях цэны рэалiзацыi на бiржы былi нiжэйшымi, чым па закупках на небiржавым рынку, адзначыў кiраўнiк бiржы. Аднак патэнцыял бiржы па працы ў гэтым напрамку яшчэ далёка не вычарпаны. Так, па вынiках мiнулага года, 65 працэнтаў бiржавых здзелак з металапрадукцыяй былi дробнымi (да 5 тон), што не спрыяе праяўленню цiкавасцi да бiржавых таргоў з боку вытворцаў — перш за ўсё, расiйскiх i ўкраiнскiх.

Паводле агучаных на пасяджэннi даных, за мiнулы год бiржай праведзена 375 таргоў, у рамках якiх прайшло 44 тысячы бiржавых здзелак на суму 1 трыльён 154 мiльярды рублёў. У першым квартале гэтага года праведзена бiржавых здзелак на 466 мiльярдаў рублёў, што больш як у два разы перавышае паказчык за аналагiчны леташнi перыяд. На 1 красавiка зарэгiстравана 2419 удзельнiкаў бiржавых таргоў, у тым лiку 346 нерэзiдэнтаў.