СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / Будучыня беларускага аўтамабілебудавання
«Звязда», Анатоль Сланеўскi, 11 лiпеня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

Будучыня беларускага аўтамабілебудавання
«Звязда», Анатоль СланеўскI, 11 лIпеня 2007 г.

У нашай краiне аўтамабiлебудаванне, самым цесным чынам кааперыруючыся з прадпрыемствамi металургiчнай, электратэхнiчнай, хiмiчнай, электроннай, лёгкай i iншых галiн прамысловасцi, усё больш прыкметна становiцца своеасаблiвым рухавiком усёй эканомiкi.

З-за знешняй рэсурснай залежнасцi аўтамабiлебудавання краiны, недастатковага ўнутранага попыту на яго прадукцыю, высокай канкурэнцыi на знешнiх рынках актуалiзуецца праблема пошуку шляхоў i стратэгiй развiцця гэтай галiны. Галоўнае тут — не задавальняцца дасягнутым, не жыць выключна сённяшнiм цi нават заўтрашнiм днём — працаваць на перспектыву, каб не апынуцца нечакана ў аўтсайдарах. Менавiта таму па даручэнню ўрада краiны быў распрацаваны праект Дзяржаўнай праграмы развiцця аўтамабiльнай прамысловасцi Беларусi на 2007—2010 гады. Ён абмяркоўваўся ўчора на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў, якое прайшло пад старшынствам Прэм’ера Сяргея Сiдорскага.

Да 2010 года ў краiне будуць створаны магутнасцi для выпуску 51 тысячы аўтамабiляў. Паводле слоў Анатоля Русецкага, мiнiстра прамысловасцi, штогод плануецца выпускаць 31 тысячу аўтамабiляў МАЗ, 600 аўтамабiляў Мiнскага завода колавых цягачоў i да 20 тысяч легкавых аўтамабiляў «Саманд» на прадпрыемстве «Юнiсон». Акрамя таго, як вядома, iснуе даручэнне па стварэнню паралельна вытворчасцi легкавых аўтамабiляў разам з Кiтаем. Аднак канкрэтныя аб’ёмы вытворчасцi тут пакуль невядомыя. Таксама ў рамках праграмы прадугледжваецца выпуск штогод 2,5 тысячы аўтобусаў МАЗ, 450 аўтобусаў «Нёман» i такая ж колькасць аўтобусаў Гомельскага аўтарамонтнага завода — будзе дзейнiчаць вытворчасць аўтобусаў чатырох класаў: вялiкiх, сярэднiх пасажырскiх, мiжгароднiх, аэрадромных. Уся новая беларуская тэхнiка, заявiў А. Русецкi, будзе аснашчана новымi кабiнамi, мастамi, мадэрнiзаванай тармазной сiстэмай, каробкай перадач, электронiкай. Аб’яднанне Белаўтамаз, дарэчы, плануе цалкам перайсцi на машыны з рухавiкамi ЕЎРА-3 i асвоiць рухавiкi ЕЎРА-4. Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi асаблiва падкрэслiў важнасць найхутчэйшага наладжвання рухавiкоў стандарту ЕЎРА-4: «Мы павiнны дакладна ўяўляць сабе, што неабходна для гэтага зрабiць, якiя выкарыстаць рэсурсы, цi дастаткова ўкладзена грошай для таго, каб Мiнскi маторны завод быў канкурэнтаздольны i на постсавецкай прасторы i на больш аддаленых геаграфiчна рынках». Паводле слоў кiраўнiка беларускага ўрада, пры рэалiзацыi гэтай праграмы неабходна арганiзаваць i ўласную вытворчасць электронiкi для аўтамабiляў. Усё — начынка, дызайн, камфорт, бяспека — павiнны адпавядаць еўрапейскаму ўзроўню, каб мы маглi неадкладна рэагаваць на любыя патрэбнасцi рынку — i ўласнага, беларускага, i знешняга.

Асаблiвую ўвагу С. Сiдорскi звярнуў на развiццё рухавiкоў, якiя працуюць на бiяпалiве. «Беларусi як мага хутчэй неабходна пераходзiць да стварэння рухавiкоў на бiяпалiве. Гэта вельмi важная тэма, у Еўрасаюзе прынята рашэнне, што бiяпалiва павiнна складаць не менш як 15 працэнтаў». Пры гэтым, паводле слоў прэм’ер-мiнiстра, «трэба больш актыўна прасоўваць нарматыўную базу па выкарыстанню гэтага вiду палiва, бо пакуль у Беларусi няма яе стандарту». Галоўнае тут — не страцiць час, iнакш акажамся неканкурэнтаздольнымi». Сяргей Сiдорскi таксама запатрабаваў, каб мiнiстэрства прамысловасцi i адпаведныя прадпрыемствы выпускалi такiя бiяпалiўныя рухавiкi, якiя можна было б без праблем пастаўляць i ў Расiю, i ў Кiтай, i ў Еўропу». «Мы павiнны iсцi наперадзе канкурэнтаў i глядзець, што будзем мець праз 5—10 гадоў, а не параўноўваць дасягнутае сёння з учарашнiм днём», — падвёў вынiкi пасяджэння Прэм’ер-мiнiстр Беларусi.

Фiнансаванне праграмы развiцця беларускага аўтапрама прадугледжваецца ў аб’ёме каля 1 трыльёна рублёў.