СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / СТРЫМАЦЬ ТАРЫФЫ ДАЗВОЛЯЦЬ... МВП
«Звязда», Ігар Шчучэнка, 12 верасня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

СТРЫМАЦЬ ТАРЫФЫ ДАЗВОЛЯЦЬ... МВП
«Звязда», Ігар Шчучэнка, 12 верасня 2007 г.

"Ва ўмовах, калі рэзка ўзраслі цэны на энергарэсурсы, мы павінны кардынальна змяніць сваё стаўленне да эканоміі энергарэсурсаў і да эфектыўнага выкарыстання фінансавых сродкаў на мэты энергазберажэння", — такое меркаванне па выніках пасяджэння Прэзідума Савета Міністраў Беларусі, на якім разглядаліся пытанні выканання ў першым паўгоддзі задання па зніжэнню энергаёмістасці ВУП і заданняў па павелічэнню мясцовых відаў паліва і другасных энергарэсурсаў, выказаў журналістам намеснік старшыні Дзяржстандарта — дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Леў Дубовік.

Задачай нумар адзін Леў Дубовік назваў забеспячэнне прадугледжаных на год аб’ёмаў па фінансаванню энергазберажэння. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў дадзеным пытанні патрэбна менш разлічваць на бюджэтныя сродкі і арыентавацца на крэдытныя рэсурсы. "Рэальна шэраг банкаў маюць крэдытныя рэсурсы і выдаюць іх. Урадам прадугледжаны грошы для кампенсацыі прадпрыемствам-крэдытаатрымальнікам працэнтаў за выкарыстанне банкаўскіх крэдытаў", — сказаў Леў Дубовік. Паводле яго слоў, прадпрыемствы павінны самі вырашаць свой лёс і выконваць праграму па энергазберажэнню. У адваротным выпадку яны будуць пастаўлены ў больш жорсткія рамкі: у прыватнасці, за невыкананне праграмы па энергазберажэнню ў наступным годзе да іх могуць прымяняцца такія меры як недапастаўка энергарэсурсаў.
 
Што да сацыяльнай сферы, то тут клопат выканаўчай улады — не дапусціць істотнага росту тарыфаў, стрымліваць іх. У гэтай сувязі прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны арыентавацца на мясцовыя віды паліва (МВП), паколькі кошт іх больш танны: напрыклад, адна тона мясцовага ўмоўнага паліва абыходзіцца ў 70—80 долараў, а ўваходная цана таго ж газу складае ў гэтым годзе 100 долараў.
 
Між тым, на думку Прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, паказчыкі па выкарыстанню мясцовых відаў паліва пакуль нездавальняючыя: пры заданні па павелічэнню іх выкарыстання на гэты год на 450 тыс. туп за першае паўгоддзе спажыванне МВП знізілася на 37,1 тыс. туп. Паводле слоў Льва Дубовіка, над выкананнем гэтага паказчыка недастаткова працуюць у большасці абласцей рэспублікі. А вось у асобных міністэрствах і ўстановах, сярод якіх Леў Дубовік назваў Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, наадварот, выкарыстанне мясцовых відаў паліва складае 90—94 працэнты. Ён таксама праінфармаваў, што ў першым паўгоддзі ў краіне зніжана спажыванне паліва на 1,3 мільёна туп.
 
Прыемна, што зніжэнне паказчыка энергаёмістасці ВУП апярэджвае запланаваныя тэмпы: пры заданні на паўгоддзе мінус 5 працэнтаў яна змінусавала на 12,7 працэнта. Дарэчы, як заўважыў Леў Дубовік, летась наша краіна мела лепшы сярод краін СНД паказчык па энергаёмістасці ВУП. Каб "зацэментаваць" гэта дасягненне, краіне неабходна павялічваць аб’ёмы фінансавання мерапрыемстваў па энергазберажэнню, лічыць спецыяліст. Між іншым, у рэспубліцы на самай справе штогод лічбы па фінансаванню энергазберажэння становяцца ўсё больш высокімі. Так, калі летась на гэтыя мэты пайшло 600 мільёнаў долараў, то ў гэтым годзе прагназуецца інвеставаць ужо 800 млн. Налета, як мяркуе Леў Дубовік, мы павінны выйсці на аб’ём больш як мільярд долараў ЗША. Акрамя таго, у будучым годзе, паведаміў ён, плануецца поўнасцю выключыць з паліўна-энергетычнага балансу краіны пячное бытавое паліва і скараціць спажыванне мазуту. "Да канца 2008 года — у першым квартале, мы павінны поўнасцю выключыць выкарыстанне пячнога бытавога паліва", — сказаў Леў Дубовік. Сёлета рэспубліцы ўдалося знізіць спажыванне мазуту ў два разы. Аднак гэтага недастаткова, лічыць ён. Выкарыстанне мазуту ў 2008 годзе да канца першага паўгоддзя павінна застацца толькі ў сістэме Мінэнерга як рэзервовае паліва, і ў канцэрне "Белнафтахім" — для тэхналагічных мэтаў. Усе астатнія міністэрствы, перакананы дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці, павінны адмовіцца ад яго прымянення.