СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЧЫМ ЗАБАВIЦЬ ЗАМЕЖНАГА ТУРЫСТА?..
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 12 снежня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЧЫМ ЗАБАВIЦЬ ЗАМЕЖНАГА ТУРЫСТА?..
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 12 снежня 2007 г.

Рэалiзацыя Нацыянальнай праграмы развiцця турызму, паводле слоў Намеснiка Прэм’ер-мiнiстра Аляксандра Косiнца, дазволiць стварыць у краiне да 2010 года не менш за 3792 новыя рабочыя месцы.

Прычым, як зазначыў Аляксандар Косiнец, якi прадстаўляў на ўчарашнiм пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Беларусi праект Нацыянальнай праграмы развiцця турызму на 2008—2010 гады, гэтая лiчба можа быць куды большай. Як мяркуецца, да 2010 года ў нашу краiну будзе прыязджаць не менш за 4,1 мiльёна замежных турыстаў.

Разам з тым, закранаючы сённяшнi стан спраў у галiне турызму, Кiраўнiк Урада Сяргей Сiдорскi падкрэслiў, што ў краiне, на жаль, поўнасцю не выкарыстоўваецца багаты патэнцыял, у прыватнасцi, той жа прыродны ландшафт, для развiцця турызму. Пры тым, што за мяжой гэтаму пытанню надаюць асаблiвую ўвагу. У якасцi прыкладу прэм’ер узгадаў Турцыю, дзе на працягу трох гадоў аб’ём турыстычных паслуг узрос з 14 да 26,5 мiльярда долараў. "68 працэнтаў нацыянальнага прадукту гэтай краiны ствараецца за кошт турыстычных паслуг, i не таму, што там ёсць мора", — мяркуе Сяргей Сiдорскi. Капiтал iдзе туды, дзе ёсць лепшыя ўмовы. А таму, паводле яго слоў, у краiне неабходна ствараць сiстэму, якая будзе садзейнiчаць iнтэнсiўнаму развiццю турызму, ствараць прывабныя ўмовы для прыходу iнвестараў у айчынную турыстычную галiну. Наспела неабходнасць у спрашчэннi механiзмаў выдзялення i аплаты ўчасткаў пад будаўнiцтва аб’ектаў турыстычнай iнфраструктуры, спрашчэннi працэсу распрацоўкi праектна-каштарыснай дакументацыi. Патэнцыйныя iнвестары павiнны ведаць, канстатаваў Прэм’ер, што ўмовы для вядзення бiзнэсу ў Беларусi крыху лепшыя, чым у суседняй краiне. Таксама Сяргей Сiдорскi папярэдзiў прысутных аб тым, што налета ў краiне будуць даводзiцца напружаныя заданнi па турыстычных паслугах. "Акрамя рэальнай эканомiкi, — зазначыў ён, — мы будзем нагружаць сферу паслуг, — як турыстычных, так i транспартных, будаўнiчых".

Гаворачы пра рэалiзацыю Нацыянальнай праграмы развiцця турызму ў 2006—2007 гадах, вiцэ-Прэм’ер Аляксандар Косiнец паведамiў, у прыватнасцi, што прынятыя летась меры дазволiлi выканаць планавыя паказчыкi сацыяльна-эканамiчнага развiцця галiны па платных турыстычна-экскурсiйных паслугах насельнiцтву на 126,2 працэнта. Набраны летась тэмп захаваны i сёлета: за студзень—верасень ужо аказана паслуг на 145 мiльярдаў 500 мiльёнаў рублёў. Прычым у цэлым забяспечана перавышэнне тэмпаў росту экспарту турыстычных паслуг над iмпартам на 14,9 працэнтнага пункта.

Плануецца, што турызм у Беларусi будзе развiвацца па наступных напрамках: транзiтны, дзелавы, культурна-адукацыйны, спартыўны, аграэкатурызм, водны, рэлiгiйны. Мiж iншым, рэалiзацыя праграмы дазволiць зняць i такую праблему, як кадравы "голад": турыстычная галiна зараз адчувае недахоп у высокаадукаваных спецыялiстах, якiя валодаюць замежнай мовай.

У наступныя тры гады на рэалiзацыю Нацыянальнай праграмы развiцця турызму плануецца выдзелiць 697 мiльярдаў рублёў. Практычна ўсе гэтыя грошы, паведамiў Аляксандр Косiнец, пойдуць на развiццё iнфраструктуры турызму. Будзе пабудавана i рэканструявана 868 турыстычных аб’ектаў, на iх аснове створана 287 новых маршрутаў. Дарэчы, налета плануецца стварыць 49 турыстычных арганiзацый у тых раёнах рэспублiкi, дзе на сёння iх няма.