СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ШКЛОЎСКАЯ БУДОЎЛЯ IДЗЕ ПА ГРАФIКУ
«Звязда», Iлона Iванова, 14 чэрвеня 2007г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ШКЛОЎСКАЯ БУДОЎЛЯ IДЗЕ ПА ГРАФIКУ
«Звязда», Iлона Iванова, 14 чэрвеня 2007г.

12 чэрвеня кiраўнiк урада Беларусi Сяргей Сiдорскi наведаў Шклоў, дзе азнаёмiўся з ходам будаўнiцтва завода па вырабу газетнай паперы.

Прэм’ер-мiнiстр агледзеў будоўлю, i ў першую чаргу — галоўны корпус, дзе цяпер мантажуецца дастаўленая з карэльскага прадпрыемства «Петразаводскмаш» папяровая машына.

— Перш за ўсё — графiк у нас напружаны, — сказаў Сяргей Сiдорскi журналiстам. — У адпаведнасцi з указам Прэзiдэнта нам трэба ўвесцi завод у эксплуатацыю ў чацвёртым квартале гэтага года. Па папяровай машыне мы практычна знялi ўсе пытаннi. Iдуць будаўнiчыя, мантажныя работы. Пачалi апрацоўчыя работы, пракладку электрычных сетак. Тут штабам будоўлi рэгулярна прымаецца маса рашэнняў па паралельнай працы ўсiх аб’ектаў гэтага прадпрыемства.

Летась на заводзе ўведзена ў строй першая чарга — лесапiльная вытворчасць, дзе цяпер вырабляецца абразная дошка. Другая чарга — гэта сама вытворчасць па вырабу газетнай паперы, сыравiнай для якой будзе яловая дранка.

Галоўным пытаннем на парадку дня Сяргей Сiдорскi назваў машыну па падрыхтоўцы тэрмамеханiчнай масы. Ён паведамiў, што заказана самая сучасная машына — яна пайшла наперад нават тых тэхналогiй, якiя з’явiлiся толькi тры-чатыры гады таму. Гэта найноўшая тэхналогiя дазволiць знiзiць выдаткi вытворчасцi i эканомiць да 20 працэнтаў энергii.

— Перапрацоўка сыравiны будзе iсцi на высокiм еўрапейскiм узроўнi, — запэўнiў кiраўнiк урада. — I ўжо ў сёлетнiм лiпенi мы павiнны атрымаць машыну па падрыхтоўцы тэрмамеханiчнай масы, i гэта будзе сэрца папяровай машыны. Пробны пуск адбудзецца, паводле планаў, у вераснi. Да гэтага часу нам трэба будзе выканаць увесь аб’ём мантажных i будаўнiчых работ, каб не было прэтэнзiй да беларускага боку.

Цяперашнi вiзiт у Шклоў звязаны з неабходнасцю праверыць графiкi будаўнiчых, мантажных i пусканаладачных работ. Перад гэтым урад ставiў задачу да 10 чэрвеня ўвайсцi ў графiк, i Сяргею Сiдорскаму на будоўлi зрабiлi справаздачу аб выкананнi распараджэння ўрада.

— Мы практычна знаходзiмся ў графiку, — паведамiў прэм’ер-мiнiстр. — Але ёсць адставанне ў прыняццi iнжынерных рашэнняў. Таму i даводзiцца выязджаць непасрэдна на месца i вырашаць, каб усе службы — iнжынерныя, тэхнiчныя i будаўнiчыя — працавалi ў адным рэчышчы. Я мяркую, што ў нас ёсць усе ўмовы, каб паспяхова завяршыць працу.

Прэм’ер-мiнiстр лiчыць надзвычай важным да ацяпляльнага сезона падрыхтаваць кацельню i iнжынерныя камунiкацыi. Прычым кацельня будзе працаваць поўнасцю на адходах: гэта будуць дранка i сыравiна ад падрыхтоўкi матэрыялаў для вытворчасцi на папяровай машыне. Iнжынерныя камунiкацыi — водаадводы i ачышчальныя збудаваннi — Сяргей Сiдорскi лiчыць неабходным падцягнуць.

Падчас вiзiту ў Шклоў кiраўнiк урада агледзеў i трэцюю чаргу прадпрыемства. Гэта завод па вытворчасцi драўляных дамоў з бруса. Для яго пасля правядзення тэндару ўжо заказана абсталяванне. Мяркуецца, што ў другiм квартале 2008 года ён пачне працаваць, а домiкi мяркуецца прадаваць, у тым лiку i на экспарт.

Не засталiся па-за ўвагай прэм’ер-мiнiстра i сацыяльныя аб’екты. Закладзены два дамы для спецыялiстаў завода па вырабу газетнай паперы. Адзiн з iх павiнен быць здадзены ў вераснi, другі — у сёлетнiм снежнi, каб у работнiкаў прадпрыемства было жыллё i ўмовы для нармальнай працы. Плануецца, што на заводзе будуць працаваць з паўтысячы людзей.

Сяргей Сiдорскi вырашаў на месцы цэлы комплекс пытанняў з тым, каб рухацца далей у стварэннi сучаснага прадпрыемства ў Шклове. Плануецца, што завод будзе вырабляць для патрэбаў Беларусi i на продаж у замежжа 40 тысяч тон газетнай паперы, а таксама мелаваную паперу для часопiсаў.