СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / НЕ РАСПIСВАЦЦА У БЯССIЛЛI…
«Звязда», Анатоль Сланеўскi, 15 лiстапада 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

НЕ РАСПIСВАЦЦА У БЯССIЛЛI…
«Звязда», Анатоль СланеўскI, 15 лIстапада 2007 г.

"Знiмаю гэтае пытанне з разгляду, раз вы не можаце канкрэтна назваць, хто не працуе, якiя меры прадпрымаюцца i чым можна дапамагчы..." — такiмi словамi Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi на ўчарашнiм пасяджэннi прэзiдыума Савета Мiнiстраў перапынiў разгляд пытання аб выкананнi Дзяржаўнай iнвестыцыйнай праграмы краiны на 2007 год. Кiраўнiк Урада запатрабаваў узмацнiць адказнасць будаўнiчых арганiзацый, якiя не выконваюць дзяржаўныя iнвестыцыйныя праграмы, а таксама даць ацэнку i выканаўцам-чыноўнiкам з розных мiнiстэрстваў, якiя "не могуць вызначыцца, хто за што адказвае".

Сёння пад пагрозай зрыву знаходзяцца 14 аб’ектаў, увод якiх вызначаны даручэннямi Прэзiдэнта. Сярод iх — вяслярны канал у Заслаўi, рэканструкцыя Палаца спорту ў Мiнску, гасцiнiцы "Стайкi" недалёка ад сталiцы, будаўнiцтва ветэрынарнай клiнiкi ў Ратамцы i iншыя. Па некаторых аб’ектах асваенне сродкаў склала ад... 1 да 20 працэнтаў, а год ужо заканчваецца.

Мiнiстр архiтэктуры i будаўнiцтва Аляксандр Селязнёў (ён дакладваў аб ходзе выканання праграмы) асноўную праблему бачыць тут у тым, што сёлета ў дзяржiнвестпраграму было ўключана 88 аб’ектаў, якiя на момант прыняцця праграмы не мелi праектна-каштарыснай дакументацыi. Паводле яго слоў, "была вялiкая колькасць хадакоў з просьбай уключыць гэтыя аб’екты ў праграму". Акрамя таго, як лiчыць мiнiстр мiнбудархiтэктуры, будаўнiчыя кампанii не выконваюць свае тэндэрныя абавязацельствы, у вынiку чаго i адкладваецца iх увод у эксплуатацыю. "Яны распiсваюцца ў сваiм бяссiллi што-небудзь змянiць i выканаць заданнi", — заявiў Аляксандр Селязнёў. На гэта Прэм’ер-мiнiстр заўважыў, што ў свеце даўно iснуе выдатны вопыт, якi з поспехам можна прымянiць да такiх нядбайнiкаў: напрыклад, у Казахстане, калi кампанii не выконваюць бюджэтныя абавязацельствы, да iх прымяняюцца штрафныя санкцыi, i грошы з iх рахункаў забiраюцца ў бюджэт. Яны павiнны пакрываць урон". Сяргей Сiдорскi адзначыў, што работу па аб’ектах Дзяржаўнай iнвестыцыйнай праграмы неабходна тэрмiнова працягваць. Пры гэтым ён падкрэслiў, што нiякага павышэння расцэнак на зiмовыя работы для будаўнiкоў не будзе (адкуль узяць лiшнiя грошы?).

Да разгляду гэтага пытання члены ўрада звернуцца праз тыдзень, калi, паводле слоў прэм’ера, чыноўнiкi розных узроўняў будуць гатовы даваць дакладныя адказы на ўсе пастаўленыя пытаннi, калi яны змогуць даказаць, што гарантуюць своечасовае выкананне праграмы.