СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ДОЛЖАЎСКАЯ БIЯФАБРЫКА НЕ БУДЗЕ МЕЦЬ АНАЛАГАЎ
«Звязда», Аляксандр Пукшанскi, 17 лiпеня 2007г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ДОЛЖАЎСКАЯ БIЯФАБРЫКА НЕ БУДЗЕ МЕЦЬ АНАЛАГАЎ
«Звязда», Аляксандр ПукшанскI, 17 лIпеня 2007г.

Прэм’ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь Сяргей Сiдорскi азнаёмiўся з ходам рэканструкцыi адзiнай у краiне бiяфабрыкi, што знаходзiцца ў пасёлку Должа Вiцебскага раёна, дзе вырабляюць самыя розныя прэпараты для прафiлактыкi захворванняў жывёл i iх лячэння.

Гэта прадпрыемства працуе з 1930 года. Рэканструкцыю задумалi яшчэ ў сярэдзiне 1980-х, але на той час не знайшлося сродкаў. Пакуль што калектыў са 190 чалавек тут вырабляе больш за 35 найменняў вакцын, лячэбных сываратак, раствораў, дыягностыкумаў, iншых прэпаратаў. Толькi сёлета ён папоўнiўся 20 новымi супрацоўнiкамi. Сярэднi заробак, дзякуючы намаганням дырэктара Аркадзя Юдасiна, за апошнiя месяцы павялiчыўся на 20 працэнтаў. Фабрыка ў першым паўгоддзi 2007 года спрацавала з 18-працэнтнай рэнтабельнасцю. А калiсьцi была запазычанасць больш за мiльярд...

Цiкава, што ў савецкiя гады дзейнiчалi ў СССР усяго 20 такiх прадпрыемстваў, i толькi адна ў Беларусi.

Дзякуючы ўвядзенню новага 8-павярховага вытворчага корпуса i размяшчэнню ў iм сучаснага абсталявання, што адпавядае самаму «патрабавальнаму» мiжнароднаму стандарту GMP, што «расшыфроўваецца» як «правiльная вытворчая практыка», фабрыка атрымае новае жыццё.

Сяргей Сiдорскi пацiкавiўся ў яе кiраўнiцтва, што зроблена ўжо падчас рэканструкцыi. Упершыню кiраўнiк урада пабываў тут у 2004 годзе. Тады было запланавана iнвеставаць у рэканструкцыю гэтага ўнiкальнага прадпрыемства першыя значныя дзяржаўныя сродкi. Усяго на рэканструкцыю i набыццё заводскага абсталявання, паводле папярэднiх даных, будзе затрачана больш за 150 мiльярдаў рублёў.

Рэканструкцыя ажыццяўляецца паэтапна. На першым паверсе новага збудавання ўжо ўстаноўлены спецыяльныя сiстэмы вентыляцыi i шматузроўневай ачысткi вады, што будзе выкарыстоўвацца для вытворчых мэтаў. Узведзеныя ачышчальныя збудаваннi абслугоўваюць i ўвесь пасёлак: вельмi чыстая вада трапляе i ў дамы мясцовых жыхароў. Зманцiравалi таксама абсталяванне замежнай вытворчасцi для вырабу сываратак.

Сяргей Сiдорскi падчас наведвання фабрыкi адзначыў: «Такая маштабная рэканструкцыя — новая для нас справа. I гэта добры прыклад канкрэтнага практычнага супрацоўнiцтва айчыннай навукi i вытворчасцi. Многiя распрацоўкi нашых навукоўцаў раней былi незапатрабаванымi. Цяпер яны могуць быць выкарыстаны. Мы зможам эканомiць па 10 мiльярдаў рублёў штогод пры закупцы ветэрынарных прэпаратаў за мяжой. Цалкам гэты вытворчы аб’ект запланавана здаць «пад ключ» у 2009-м.

Тады асартымент вырабленай прадукцыi на фабрыцы павялiчыцца мiнiмум у тры разы, i разоў у 10 павялiчыцца валавы аб’ём вытворчасцi.

Генеральным падрадчыкам будаўнiцтва з’яўляецца вiцебскi домабудаўнiчы камбiнат — той самы, што за рэкордны тэрмiн (меней чым за год) пабудаваў дах над Летнiм амфiтэатрам у Вiцебску. А яшчэ тут працуюць каля 20 субпадрадных арганiзацый.

Сяргей Сiдорскi падтрымаў дырэктара фабрыкi, якi актыўна вырашае праблему прыцягнення новых высокаквалiфiкаваных кадраў, якiя патрабуюцца новай сучаснай вытворчасцi. У прыватнасцi, будуць вырашацца жыллёвыя пытаннi. Каб эканомiць энерганосьбiты, дырэктар фабрыкi запланаваў спецыяльную ўстаноўку, што будзе вырабляць адначасова электраэнергiю, цяпло, холад i пару нiзкага сабекошту. I гэтая iдэя спадабалася Прэм’еру.

Напрыканцы свайго вiзiту на прадпрыемства прэм’ер падкрэслiў, што ўвод фабрыкi на поўную магутнасць з такiм сучасным абсталяваннем дазволiць годна канкурыраваць з лепшымi вытворцамi ветпрэпаратаў: «Яна ў комплексе стане самай сучаснай i па-за канкурэнцыяй у СНД»...