СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / Гарантаванае цяпло
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 17 кастрычнiка 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

Гарантаванае цяпло
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 17 кастрычнIка 2007 г.

На пачатку пасяджэння Прэзідыума Савета Мiнiстраў, на якiм разглядалiся пытаннi падрыхтоўкi да ацяпляльнага сезона, Першы намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Уладзiмiр Сямашка засяродзiў увагу прысутных на некалькiх праблемах, якiя патрабуюць неадкладнага вырашэння.

У прыватнасцi, ён узгадаў пра некаторыя праблемы з кацельнымi, у многiх з якiх няма пашпартоў гатоўнасцi. На асобных аб’ектах першай катэгорыi (бальнiцы, радзiльныя дамы i г.д.), паводле слоў першага вiцэ-прэм’ера, не ўведзены дадатковыя аварыйныя крынiцы цеплавой энергii. Разам з тым, падкрэслiў Уладзiмiр Сямашка, у асноўным да пачатку ацяпляльнага сезона ўсе запланаваныя работы былi выкананы.

Гэта пацвердзiў i мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка. Так, эксплуатацыйныя запасы топачнага мазуту ў рэспублiцы на 1 кастрычнiка склалi 633,2 тысячы тон, што адпавядае ўзроўню пачатку леташняга кастрычнiка i складае 101,9 працэнта да 1 верасня сёлетняга года. План па нарыхтоўцы дроў у гэтым годзе выкананы на 80 працэнтаў, аднак, што асаблiва выдзелiў мiнiстр, ва ўсiх абласцях рэспублiкi заяўкi насельнiцтва на набыццё гэтага вiду палiва выконваюцца бесперабойна. Запасы вугалю на пачатак кастрычнiка дасягнулi 116 тысяч тон, цi 110,6 працэнта да аналагiчнага мiнулагодняга перыяду. Прадпрыемствамi "Белтопгаза" здабыта 2,8 млн тон торфу —100 працэнтаў да гадавога плана. Распрацаваны мерапрыемствы i графiкi запампоўвання газу ў Асiповiцкае i Прыбугскае газасховiшча ў максiмальна магчымых па тэхнiчных параметрах аб’ёмах: у першым створаны запасы газу ў аб’ёме 251 мiльён кубiчных метраў (106,4 працэнта да плану), у другiм — 324 мiльёны (102,4 працэнта).

Сярод негатыўных момантаў сёлетняй падрыхтоўкi да зiмы Мiкалай Зайчанка выдзелiў нiзкi ўзровень забеспячэння пашпартамi гатоўнасцi арганiзацый i спажыўцоў да прыёму цеплавой энергii. Напрыклад, на 10 кастрычнiка органамi Дзяржэнерганагляду было зарэгiстравана 15 455, або 79 працэнтаў пашпартоў гатоўнасцi. Стопрацэнтную гатоўнасць да прыёму цеплаэнергii прадэманстравала толькi Магiлёўская вобласць. Гэтай жа вобласцi, а таксама Мiнскай i сталiцы краiны ў адрозненне ад iншых рэгiёнаў удалося павялiчыць выкарыстанне мясцовых вiдаў палiва i другасных рэсурсаў. Заданнем прадугледжвалася павялiчыць выкарыстанне мясцовых вiдаў палiва на 450 тысяч туП. Аднак за восем месяцаў у рэспублiцы iх аб’ём спажывання не толькi не вырас, але i скарацiўся на 35,1 тысячы туП у параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам. Таксама мiнiстрам адзначаны i той факт, што арганiзацыямi ЖКГ i горрайтопзбытаў несвоечасова ажыццяўляюцца разлiкi за дровы, якiя рэалiзуюцца арганiзацыямi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi: на 1 верасня iх запазычанасць адпаведна склала 3,9 мiльярда i 0,9 мiльярда рублёў.

Як паведамiў на пасяджэннi мiнiстр энергетыкi Аляксандр Азярэц, на сёння наша краiна не мае запазычанасцi за энергарэсурсы, якiя iмпартуюцца. Да таго ж, ужо ўдалося ўзгаднiць з расiйскiм бокам i пастаўкi газу ў наступным годзе, аб’ём якiх складзе 21,6 мiльярда кубiчных метраў. У чацвёртым квартале гэтага года, праiнфармаваў мiнiстр, запланавана падача прыроднага газу для спажыўцоў рэспублiкi ў аб’ёме 6,35 мiльярда куб. м. Як падкрэслiў Аляксандр Азярэц, гэтыя аб’ёмы i створаныя запасы ў падземных сховiшчах забяспечаць устойлiвае i бесперабойнае газазабеспячэнне краiны. Акрамя таго, мiнiстр паведамiў, што ў наступным годзе Мiн-энерга плануе iмпартаваць з Расii 5 мiльярдаў кiлават-гадзiн электраэнергii, 2 мiльярды — з Украiны. "Улiчваючы, што ў Расii электраэнергiя пастаўляецца з аптовага рынку, — удакладнiў Аляксандр Азярэц, — мы вядзём перагаворы аб тым, што 3-3,5 мiльярда кiлават-гадзiн будзе iмпартавацца па фiксаваных цэнах, астатняе — па цэнах аптовага рынку. Паводле прагнозаў спецыялiстаў, кошт расiйскай электраэнергii чакаецца на ўзроўнi вышэй за 4 цэнты за кВт/г, на ўкраiнскую — вышэй за 5 цэнтаў. Пры гэтым Аляксандр Азярэц адзначыў, што сабекошт уласнай электраэнергii з 1 студзеня наступнага года складзе 5,03 цэнта.

Мiнiстр жыллёва-камунальнай гаспадаркi Уладзiмiр Белахвостаў зазначыў, што ЖКГ будзе забяспечана стабiльнасць праходжання ацяпляльнага сезона ў рэспублiцы. У працэсе падрыхтоўкi да халадоў мiнiстэрства кантралявала 57 паказчыкаў, якiя гарантуюць надзейнае i бесперабойнае цепла- i водазабеспячэнне жыллёвага фонду, функцыянаванне iнфраструктуры населеных пунктаў. I калi, па ўсёй бачнасцi, у людзей не павiнна ўзнiкнуць нiякiх нараканняў сёлетняй зiмой з падачай цяпла ў дамы, то з боку камунальнiкаў да насельнiцтва адна з галоўных прэтэнзiй — рост запазычанасцi па камунальных плацяжах. Пратэрмiнавая запазычанасць насельнiцтва ўжо складае каля 40 мiльярдаў рублёў i кожны чацвёрты абанент дапускае яе. Каб неяк палепшыць сiтуацыю, мiнiстэрства праводзiла сумесную калегiю з Мiнюстам, на якой намечаны меры па ўзмацненнi патрабаванняў з недысцыплiнаваных людзей, якiя не аплачваюць атрыманыя паслугi.

З вынiкамi папярэдняга расследавання прычын трагiчнага здарэння ў вёсцы Раздзялавiчы Ганцавiцкага раёна, дзе ў вынiку выбуху на кацельнi загiнуў чалавек, а яшчэ пяцёра пацярпелi, азнаёмiў прысутных на пасяджэннi Прэзiдыума мiнiстр па надзвычайных сiтуацыях Энвер Барыеў. Паводле яго слоў, верагоднай прычынай выбуху стала парушэнне правiлаў запуску катла. Мiнiстр патлумачыў, што топка ажыццяўлялася без вады ў катле. Пасля таго як кацёл нагрэўся да дастаткова высокай тэмпературы, рэзкае паступленне вады прывяло да параўтварэння, з чым не справiлiся засцерагальныя клапаны. Аператар кацельнi загiнуў i пяць чалавек атрымалi пашкоджаннi рознай ступенi цяжкасцi, двое з iх знаходзiлiся ля кацельнi — рамантавалi трактар. Аналiз сiтуацыi з выбухамi катлоў з 1998 года, як адзначыў Энвер Барыеў, паказвае, што больш за палову з iх адбылося ў вынiку выбуху газапаветранай сумесi ў топцы катла ў працэсе пускавых работ. Для папярэджання падобнай сiтуацыi iснуе прыстасаванне для кантролю герметычнасцi запорнай апаратуры, аднак аснашчанасць такiмi прыстасаваннямi на аб’ектах складае 27,5 працэнта, хоць адпаведныя прадпiсаннi былi выдадзены.