СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / БЕЛАРУСКАЕ КIНО: ДАЙСЦI ДА ПЕРШАГА «ОСКАРА»!
«Звязда», Анатоль Сланеўскi, 18 лiпеня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

БЕЛАРУСКАЕ КIНО: ДАЙСЦI ДА ПЕРШАГА «ОСКАРА»!
«Звязда», Анатоль СланеўскI, 18 лIпеня 2007 г.

I ўсё ж меў рацыю, як паказаў час, класiк марксiзму-ленiнiзму, калi казаў: «Найважнейшае з мастацтваў для нас — кiно». Справа гэта — выключна практычная. Як паказвае сусветная практыка, кiнаiндустрыя пры ўмелым падыходзе прыносiць шматмiльярдны прыбытак. Ды што там далёка хадзiць — можна глянуць у бок суседняй Расii. Дзесяткi кiнастудый штогод выпускаюць сотнi кiнакарцiн — мастацкiх, анiмацыйных, серыялаў, поўнаметражных. Яны ўдзельнiчаюць i перамагаюць у прэстыжных конкурсах, даюць работу тысячам i тысячам людзей.

Але мала зняць добры фiльм, яго трэба данесцi да гледача, прывабiць людзей у кiназалу. Прычым кiнатэатр сёння павiнен стаць не проста месцам прагляду фiльма, але сапраўдным месцам адпачынку, куды можна прыйсцi ўсёй сям’ёй — ад дзяцей, моладзi да людзей пажылых. Кiнатэатры з залай на 300—400 месцаў зараз не апраўдваюць сябе. Яны павiнны ўяўляць сабой сiстэму 4—5 кiназалаў на невялiкую колькасць месцаў. У нас такiх пакуль няма, а таму неабходна разгледзець вопыт Масквы, Падмаскоўя, iншых расiйскiх гарадоў, дзе гэта ўжо паспяхова практыкуецца. «У гэтай справе неабходны новы якасны падыход — камерцыялiзацыя абслугоўвання, каб кiнатэатры маглi зарабляць грошы». Такую думку выказаў учора Прэм’ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў. На парадку дня было пытанне «Аб выкананнi даручэнняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у галiне кiнематаграфii i развiццё кiнавiдэагалiны ў цэлым».

Асноўная думка, якая была праведзена Прэм’ерам падчас усяго абмеркавання, — у Беларусi неабходна камерцыялiзаваць кiнагалiну. У першую чаргу неабходна пераглядзець пераразмеркаванне сродкаў, якiя атрымлiвае наш кiнапракат. «Сёння часам атрымлiваецца так, што частка гэтых грошай дзе-небудзь на месцы можа быць накiравана на ўборку зерня цi нарыхтоўку палiва, а не на рэканструкцыю кiнатэатраў цi закупку абсталявання для пракату», — заявiў Сяргей Сiдорскi. Паводле слоў прэм’ера, грошы можна знайсцi так, як знайшлi iх для гэтых мэтаў, напрыклад, у Францыi: закупку фiльмаў замежнай вытворчасцi трэба весцi па больш высокай (у 1,5—2 разы) стаўцы, чым беларускiх фiльмаў. I наогул, як лiчыць прэм’ер-мiнiстр, беларускiя фiльмы павiнны максiмальна быць прадстаўлены ў пракаце. Сёння мы збiраем у рэспублiцы ад пракату больш як 16 млрд рублёў. «Гэта вельмi вялiкiя грошы. Толькi яны не зусiм правiльна размяркоўваюцца. Чаму б не накiраваць гэтыя сродкi на рэканструкцыю? Акумуляваць у мiнiстэрстве культуры (на 1—3 гады) сродкi ад пракату i продажу кiнапрадукцыi, распрацаваўшы канкрэтную праграму», — прапанаваў Сяргей Сiдорскi.

З гэтым пагадзiўся i мiнiстр культуры Уладзiмiр Матвяйчук, якi рабiў даклад. Паводле слоў мiнiстра, летась на развiццё кiнематаграфii з рэспублiканскага бюджэту было выдзелена больш як 8 млрд рублёў, а сёлета на развiццё галiны плануецца накiраваць ужо 11,1 млрд рублёў. Частка сродкаў пойдзе на рамонт кiнатэатраў: 41 з iх будзе капiтальна адрамантаваны сёлета i столькi ж — у будучым годзе (усяго ў нас сёння 138 кiнатэатраў). Асаблiвая ўвага ў блiжэйшыя гады будзе нададзена рэканструкцыi «Беларусьфiльма». Яна пачнецца ўжо ў вераснi i завяршыцца праз два гады. Прычым рэканструкцыя будзе праходзiць без спынення кiнавытворчасцi, бо планы па вытворчасцi беларускiх фiльмаў нiхто не адмяняў i да 1 снежня гэтага года будуць завершаны восем карцiн. Налета беларускiя кiнематаграфiсты плануюць паказаць на суд гледачоў 10 карцiн, а яшчэ праз год — 12, «як было ў часы росквiту дзейнасцi «Беларусьфiльма» ў савецкiя часы». Прычым, не колькасць галоўнае. Як заявiў журналiстам генеральны дырэктар кiнастудыi Уладзiмiр Замяталiн, беларускае кiно павiнна за гэты час выйсцi на новую якасць i... атрымаць свой першы «Оскар».