СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЧЭРГI У ДАМЫ-IНТЭРНАТЫ БУДУЦЬ ЗМЕНШАНЫ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 19 верасня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЧЭРГI У ДАМЫ-IНТЭРНАТЫ БУДУЦЬ ЗМЕНШАНЫ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 19 верасня 2007 г.

Сённяшняя сетка стацыянарных устаноў сацабслугоўвання не забяспечвае патрэб пажылых людзей і інвалідаў у пастаяннай дапамозе і сацыяльным абслугоўванні ў стацыянарных умовах, зазначыў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім пад старшынствам Прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага абмяркоўваўся праект Праграмы развіцця і аптымізацыі сеткі устаноў сацыяльнага абслугоўвання да 2010 года, міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык.

Таму асноўнай мэтай вынесенага на разгляд Урада дакумента міністр назваў узмацненне сацыяльнай абароненасці і павышэнне якасці жыцця людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. А для гэтага ў праграме ставіцца задача па ўдасканаленню ў рэспубліцы сістэмы сацыяльнага абслугоўвання.

Гаворачы пра існуючыя праблемы, Уладзімір Патупчык, у прыватнасці, паведаміў пра тое, што чарга ў дамы-інтэрнаты на пачатак гэтага года складала 1370 чалавек, у тым ліку псіханеўралагічныя — 1138. Акрамя таго, плошчы памяшканняў дамоў-інтэрнатаў часта не адпавядаюць санітарным нормам. Да таго ж каля 10 працэнтаў будынкаў і збудаванняў, якія знаходзяцца на балансе ўстаноў сацабслугоўвання, па свайму тэхнічнаму стану маюць патрэбу ў рэканструкцыі або капітальным рамонце. "Моцна зношана і патрабуе замены 8 працэнтаў медыцынскага і тэхналагічнага абсталявання, 37 працэнтаў транспарту", — адзначыў міністр.

Не адпавядае сучасным патрабаванням і матэрыяльна-тэхнічная база большасці тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання. Памяшканні 58 працэнтаў такіх цэнтраў, паводле слоў Уладзіміра Патупчыка, маюць неабходнасць у рамонце.

Як бачна, праблем тут хапае, а таму праграмай прадугледжваецца шэраг мераў, якія дазволяць, па-першае, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сацабслугоўвання, а па-другое, ліквідаваць чэргі ў дамы-інтэрнаты і прывесці іх у належны санітарны стан. І, нарэшце, што таксама немалаважна, развіць дзяржаўны сацыяльны стандарт у галіне сацабслугоўвання. У гэтых мэтах праектам дакумента прадугледжваецца накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы 74,2 млрд рублёў. Ліквідаваць жа чэргі плануецца за кошт дадатковага стварэння ў дамах-інтэрнатах 2161 месца, у тым ліку за кошт новага будаўніцтва 778, рэканструкцыі будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, — 970, перапрафілявання — 363. Як зазначыў міністр, на гэтыя мэты патрабуецца амаль 102 млрд рублёў.

Што датычыцца больш дасканалага сацабслугоўвання вяскоўцаў, то тут плануецца адкрыць 347 сацыяльных пунктаў, прычым з выкарыстаннем развітой інфраструктуры аграгарадкоў. Гэта дазволіць ахапіць значна большую колькасць насельніцтва сацыяльным абслугоўваннем на даму: плануецца павялічыць іх колькасць на 24,2 тыс. чалавек, з іх 14 тысяч — жыхары аддаленых маланаселеных вясковых пунктаў. У выніку сацыяльнае абслугоўванне на даму будзе прадастаўлена амаль 97 працэнтам людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.

Як мяркуецца, агульныя затраты на рэалізацыю праграмы складуць 213,5 млрд рублёў. Рэалізацыя мерапрыемстваў па развіццю дзяржаўнага сацыяльнага стандарту, што асабліва падкрэсліў Уладзімір Патупчык, забяспечвае рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. А абумоўлена гэта тым, што формы сацыяльнай працы, якія прапануюцца, з’яўляюцца больш эканамічнымі і набліжанымі да рэальных патрэб насельніцтва. Так, праінфармаваў міністр, сярэднямесячны кошт утрымання аднаго чалавека ў доме-інтэрнаце складае 560 тыс. рублёў, што перавышае расходы на яго ўтрыманне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання больш чым у два разы, і амаль у 10 разоў перавышае расходы на яго абслугоўванне ў хатніх умовах. "У сувязі з гэтым умоўны эканамічны эфект ад выканання мерапрыемстваў праграмы складзе 198 млрд рублёў",— паведаміў Уладзімір Патупчык.