СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / У 2008-М АЙЧЫННАЙ ЭКАНОМIЦЫ ПРЫЙДЗЕЦЦА НАПРУЖАНА
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 19 снежня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

У 2008-М АЙЧЫННАЙ ЭКАНОМIЦЫ ПРЫЙДЗЕЦЦА НАПРУЖАНА
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 19 снежня 2007 г.


Нягледзячы на тое, што сёлета беларуская эканомiка была пастаўлена ў няпростыя ўмовы працы (перш за ўсё, тут значна паўплывалi знешнiя фактары), у краiне было зроблена ўсё неабходнае, каб гэта не адбiлася на якасцi жыцця людзей. "Усе сацыяльныя задачы, што стаялi перад дзяржавай у 2007 годзе, выкананы ў поўным аб’ёме", — зазначыў на ўчарашнiм пасяджэннi Савета Мiнiстраў Прэм’ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi.

У прыватнасцi, Прэм’ер паведамiў пра тое, што па вынiках 11 месяцаў прырост грашовых даходаў насельнiцтва склаў 15 працэнтаў, што значна перавысiла закладзены ў прагноз сацыяльна-эканамiчнага развiцця паказчык. Сярэдняя зарплата зараз складае 738 тысяч рублёў, а па вынiках года вырасце да 750 тысяч. Сёлета таксама двойчы павышалiся пенсii. Падводзячы вынiкi года, кiраўнiк урада заўважыў, што ў 2007 годзе будуць выкананы 14 з 19 важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны. "Нядрэннымi тэмпамi мы развiваем наш валавы ўнутраны прадукт, якi склаў 87 трыльёнаў рублёў, або 40,5 мiльярда долараў ЗША. Мiнулы год, — нагадаў Прэм’ер, — мы закончылi з 71 трыльёнам рублёў, або 33 мiльярдамi долараў". На думку Сяргея Сiдорскага, сёлета ёсць усе падставы меркаваць, што ВУП будзе выкананы ў рамках прагнозу — 8—9 працэнтаў. Нядрэнныя тэмпы развiцця, лiчыць Кiраўнiк Урада, паказвае i прамысловасць. А вось сельская гаспадарка адстае ад запланаваных тэмпаў: аб’ём сельгасвытворчасцi вырас усяго на 4,3 працэнта супраць 6 працэнтаў, што былi прадугледжаны прагнозам.

Мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка, каментуючы папярэднiя вынiкi выканання дадатковага задання па росту эканомiкi, якое было зацверджана прэм’ерам 16 лiстапада для недапушчэння знiжэння тэмпаў эканамiчнага росту напрыканцы года, заўважыў, што даручэнне кiраўнiка ўрада, напрыклад, па прамысловай вытворчасцi выконваецца шэрагам мiнiстэрстваў, рэгiёнаў — Мiнпрамам, Мiнбудархiтэктуры, канцэрнам "Беллесбумпрам", а таксама Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай абласцямi, а таксама Мiнскам. З iншага боку, як канстатаваў мiнiстр, сёлета, у прыватнасцi, не будзе выканана прагнознае заданне па росту ўжо згаданых аб’ёмаў сельгасвытворчасцi, што, мiж iншым, аказвае iстотны ўплыў на замаруджванне тэмпаў эканамiчнага росту.

Ацэньваючы вынiкi знешнеэканамiчнай дзейнасцi, Мiкалай Зайчанка прызнаў, што яны пакуль — не на нашу карысць. За 10 месяцаў адмоўнае сальда склалася ў памеры 1,8 мiльярда долараў, а за год можа дасягнуць, паводле папярэдняй ацэнкi, каля 2 мiльярдаў 380 мiльёнаў долараў. Як патлумачыў мiнiстр, рост адмоўнага сальда абумолены больш хуткiм ростам цэнаў на нафту ў лiстападзе i снежнi, чым гэта прагназавалася. Разам з тым, ужо на працягу шэрагу гадоў у знешнiм гандлi паслугамi фармiруецца станоўчае сальда. Сёлета чакаецца, што па паслугах будзе выканана дадатковае заданне, якое на 150 мiльёнаў долараў вышэй, чым было ўстаноўлена прагнозам. Дарэчы, у наступным годзе плануецца значна павялiчыць экспарт паслуг — больш як у 1,5 раза: такiм чынам, прагназуецца, што сальда знешняга гандлю паслугамi складзе 2 мiльярды 315 мiльёнаў долараў — на 1,5 мiльярда долараў больш, чым сёлета.

Што датычыцца iншых прагнозных паказчыкаў на будучы год, то ў 2008 годзе плануецца выйсцi на тэмп росту ВУП 111 працэнтаў. У прамысловасцi прагназуецца рост на 11 працэнтаў па iндэксу фiзiчнага аб’ёму прадукцыi, на такую ж лiчбу павiнна павялiчыцца вытворчасць спажывецкiх тавараў, вытворчасць сельгаспрадукцыi ў гаспадарках усiх катэгорый — на 8,5 працэнта. На лета таксама прагназуецца павялiчыць аб’ём iнвестыцый у асноўны капiтал на 25 працэнтаў да 34,3 трыльёна рублёў. Прычым, паводле слоў Мiкалая Зайчанкi, забяспечыць падобны аб’ём за кошт унутраных рэсурсаў немагчыма. Каб вырашыць гэту задачу, "неабходна рэзкае павышэнне прытоку замежных iнвестыцый i, перш за ўсё, — прамых замежных iнвестыцый у памеры 1,4 мiльярда рублёў", — лiчыць мiнiстр. У гэтай сувязi рэспублiканскiм органам дзяржкiравання i арганiзацыям, падначаленым ураду, прапануецца давесцi заданне на ўзроўнi 780 мiльёнаў долараў, а аблвыканкамам i Мiнгарвыканкаму — 620 мiльёнаў. Заданне павiнна выконвацца, паводле слоў Мiкалая Зайчанкі, галоўным чынам за кошт стварэння i развiцця СП i замежных прадпрыемстваў.