СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ВУЧЫЦЦА ЖЫЦЬ ПА СРОДКАХ...
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 20 чэрвеня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ВУЧЫЦЦА ЖЫЦЬ ПА СРОДКАХ...
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 20 чэрвеня 2007 г.

У наступныя 10 гадоў у Беларусi намячаецца больш як у два разы скарацiць энергаёмiстасць валавога ўнутранага прадукту, заявiў на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Прэм’ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi.

Сёння, калi ў рэспублiцы надаецца асаблiвая ўвага пытанням эканомii i беражлiвасцi, не толькi кiраўнiкi мiнiстэрстваў i ўстаноў павiнны зразумець, што пры пастаянна растучых цэнах на энерганосьбiты неабходна жыць па сродках, — усiм грамадзянам гэта таксама трэба ўсвядомiць. «Эканомiя i беражлiвасць на кожным працоўным месцы, у кожнай кватэры — вось першарадны аспект працы ўсёй эканомiкi i бяспекi нашай краiны», — адзначыў прэм’ер. На думку кiраўнiка ўрада, дабрабыт беларусаў, заснаваны на захаваннi i ўмацаваннi канкурэнтаздольнасцi айчыннай эканомiкi, будзе залежаць ад паспяховай рэалiзацыi Дырэктывы № 3.

Яшчэ адно пытанне, на якiм акцэнтаваў увагу прысутных Сяргей Сiдорскi, датычыцца запасаў гатовай прадукцыi на складах прадпрыемстваў. «За 5 месяцаў рост запасаў склаў 1 трыльён рублёў»,— сказаў ён. У многiм гэта сведчыць пра тое, што не ўсе кiраўнiкi прадпрыемстваў i дзяржаўных органаў працуюць эфектыўна на даступных рынках, у першую чаргу, на расiйскiм, лiчыць Прэм’ер. А ў якасцi прыкладу запатрабаванасцi айчынных тавараў ён прывёў значны аб’ём рэалiзаванай беларускай прадукцыi пасля вiзiту ў сталiцу мэра Масквы Юрыя Лужкова. Старшыня Мiнгарвыканкама «ўлёт прадаў у Маскву ўсё, што толькi можна, толькi па веласiпеды машына 5 разоў прыходзiла. Няўжо кiраўнiкi прадпрыемстваў самi не маглi гэтага зрабiць?» — выказаў незадавальненне кiраўнiк урада.

Агучваючы вынiкi, з якiмi ў папярэднiя месяцы спрацавала беларуская эканомiка, мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка зазначыў, што ў цэлым за 5 месяцаў сiтуацыя палепшылася адносна вынiкаў за першы квартал. Так, ВУП вырас на 9 працэнтаў, што стала магчымым дзякуючы прыросту аб’ёмаў вытворчасцi ў прамысловасцi, сельскай гаспадарцы, захаваным высокiм тэмпам росту ў будаўнiцтве i сферы паслуг. З апярэджваннем верхняга ўзроўню прагнозу забяспечана выкананне параметраў росту iнвестыцый, рэальных грашовых даходаў насельнiцтва, рознiчнага тавараабароту, платных паслуг насельнiцтву, знiжэння энергаёмiстасцi ВУП, рэнтабельнасцi рэалiзаванай прадукцыi ў прамысловасцi. У рэспублiцы ўдалося забяспечыць макраэканамiчную стабiльнасць, падкрэслiў Мiкалай Зайчанка. З пачатку года не дапушчана некантралюемага развiцця iнфляцыйных працэсаў, што, дарэчы, беларусы i самi адчулi: у маi iндэкс спажывецкiх цэн склаў 103,2 працэнта да снежня мiнулага года. Больш за тое, паводле прагнозаў мiнiстэрства, другое паўгоддзе таксама не прынясе iнфляцыйных узрушэнняў. А вось беларускiя банкi, якiм удалося нарасцiць рэсурсы амаль на 12 працэнтаў, поўнасцю забяспечваюць попыт эканомiкi ў крэдытах: за 4 месяцы прырост крэдытаў эканомiцы ў супастаўных цэнах у адносiнах да 4 леташнiх месяцаў склаў 42,3 працэнта.

Разам з тым, канстатаваў мiнiстр, застаецца i шэраг праблем. Напрыклад, за 5 месяцаў не забяспечана выкананне прагнозу па вытворчасцi спажывецкiх тавараў. Як асноўную прычыну невыканання паказчыкаў па тых жа харчовых таварах, Мiкалай Зайчанка назваў знiжэнне аб’ёмаў вытворчасцi канцэрна Белдзяржхарчпрам, а таксама макаронных вырабаў, хлеба i хлебабулачных вырабаў Дэпартамента хлебапрадуктаў Мiнсельгасхарча. Што ж датычыцца групы нехарчовых спажывецкiх тавараў, то, нягледзячы на агульнае выкананне гэтага паказчыка, па асобных таварах усё ж такi назiраецца негатыўная сiтуацыя: так, напрыклад, па халадзiльнiках i маразiльнiках тэмп росту да ўзроўню студзеня—мая мiнулага года склаў 99,4 працэнта, тэлевiзарах — 64,4 працэнта.

Другая праблема, якой удзялiў увагу мiнiстр эканомiкi, — адмоўнае сальда знешняга гандлю. Аналiз, праведзены Урадам i мiнiстэрствам, паказвае, што вызначальны ўплыў на аб’ёмы i дынамiку знешняга гандлю рэспублiкi ў студзенi—красавiку аказваюць прамежкавыя тавары: велiчыня адмоўнага сальда знешняга гандлю прамежкавымi таварамi павялiчылася да 980,6 млн долараў. Пры гэтым рашаючы ўплыў тут аказаў гандаль энергетычнымi таварамi. Экспарт нафтапрадукта знiзiўся за 4 месяцы на 205 млн долараў, а экспарт беларускай нафты наогул не ажыццяўляўся. Агульныя страты экспарту па гэтых двух таварах склалi больш за 430 млн долараў. Мiж тым, як адзначыў Мiкалай Зайчанка, у блiжэйшы час сiтуацыя ў гэтым сектары знешняга гандлю будзе сур’ёзна выпраўлена за кошт вырашэння пытанняў пастаўкi нафты, загрузкi нафтаперапрацоўчых заводаў i экспарту нафтапрадуктаў. Завяршаецца стварэнне Беларускай нафтавай кампанii, у чэрвенi на айчынныя НПЗ вярнулiся асноўныя расiйскiя пастаўшчыкi давальнiцкай нафты, а канцэрн «Белнафтахiм» заўважна павысiў эфектыўнасць работы iншых сваiх галiн, акрамя нафтаперапрацоўкi.

Як паведамiў Мiкалай Зайчанка, мiнiстэрствам распрацаваны праект пастановы, якi прадугледжвае больш «напружаныя» прагнозныя паказчыкi па экспарту тавараў, а Мiнiстэрству транспарту i камунiкацый — па экспарту паслуг. Гэта значыць, патлумачыў мiнiстр, у тым выпадку, калi яны не могуць задаволiць унутраны попыт таварамi айчыннай вытворчасцi, то яны будуць абавязаны перакрываць iх iмпарт экспартам сваiх тавараў.