СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / УРАД ПАДЗЯКАВАУ РЭЛIГIЙНЫМ ЛIДЭРАМ I АБМЕРКАВАУ ПРАБЛЕМЫ
«Звязда», Вольга Мядзведзева, 20 верасня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

УРАД ПАДЗЯКАВАУ РЭЛIГIЙНЫМ ЛIДЭРАМ I АБМЕРКАВАУ ПРАБЛЕМЫ
«Звязда», Вольга Мядзведзева, 20 верасня 2007 г.

Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася сустрэча Намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Косінца з кіраўнікамі ўсіх рэлігійных аб’яднанняў нашай краіны. Сустрэча была ініцыявана з боку дзяржавы, а самі кіраўнікі канфесій назвалі яе гістарычнай.

— Кіраўнік нашай дзяржавы надае значную ўвагу рэлігійна-духоўным адносінам, — адзначыў Аляксандр Косінец, — і ў выніку гэтага істотна палепшана нарматыўна-прававая база, якая дазваляе забяспечыць развіццё рэлігійных арганізацый у Беларусі.

Намеснік Прэм’ер-міністра нагадаў шэраг дакументаў, якія служаць інтарэсам вернікаў і грамадства ў цэлым. Гэта і Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях 2002 года, і Указ Прэзідэнта аб вызваленні рэлігійных арганізацый ад падаткаў на нерухомасць і зямлю, і аналагічныя прэферэнцыі адносна храмаў, якія будуюцца, і ініцыяваныя Праваслаўнай царквой і распаўсюджаныя на ўсе рэлігійныя арганізацыі прэферэнцыі па зніжэнню платы за камунальныя паслугі, і іншыя.

— Канфесійная палітыка нашай дзяржавы накіравана на стварэнне спрыяльных умоў для ўсіх без выключэння канфесій у Рэспубліцы Беларусь, — падкрэсліў Аляксандр Косінец.

Пра тое, што такія ўмовы створаны, сведчыць рост колькасці рэлігійных абшчын за апошнія 10 гадоў: з 2009-ці да 2953-х. У параўнанні з 1980 годам у 4,7 раза (або на 57 працэнтаў) павялічылася колькасць культавых будынкаў. Сёння ў Беларусі такіх будынкаў и памяшканняў прыстасаваных для набажэнстваў — 2671. Беларуская праваслаўная царква зараз мае 1233 храмы (з 1994 года рост у 3,6 раза), Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі — 416 (рост у 4 разы), пратэстанцкія цэрквы — 880 (рост у 10,7 раза). Аляксандр Косінец падзякаваў кіраўнікам канфесій, якія належным чынам падтрымліваюць і клапоцяцца пра культавыя будынкі, што з’яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры. На жаль, адзначыў намеснік прэм’ер-міністра, гэта можна сказаць не пра ўсе помнікі з ліку 607, якія знаходзяцца ў распараджэнні розных рэлігійных аб’яднанняў.

Адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны з боку рэлігійных арганізацый сталі адным з праблемных пытанняў, на якія звярнуў увагу Аляксандр Косінец у першую чаргу. Гэта агульнанародная спадчына, заўважыў ён, але дзесяткі помнікаў стаяць напаўразбураныя і гінуць, што супярэчыць палітыцы дзяржавы, інтарэсам народа, ды і не стасуецца з Божымі законамі.

Другая праблема, на якую указаў віцэ-Прэм’ер, — новабудоўлі, што не даводзяцца да ладу дзесяцігоддзямі. Сёння будуецца 252 новыя храмы, з іх толькі 111 маюць праектна-каштарысную дакументацыю. На завяршэнне ўсіх будоўляў патрабуецца 151 млрд рублёў, з іх асвоены толькі 51 млрд. Аляксандр Косінец звярнуўся да кіраўнікоў канфесій з настойлівай просьбай паспрыяць змяненню гэтай сітуацыі.

Трэцяе праблемнае пытанне датычылася кадравай палітыкі. Дзяржава зацікаўлена, каб рэлігійную дзейнасць ажыццяўлялі ў Беларусі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, людзі, якія ведаюць мову, культуру, гісторыю нашай краіны і менталітэт яе народа. Сёння ў краіне 13 устаноў адукацыі рыхтуюць свяшчэннаслужыцеляў розных канфесій. Пакуль што больш за ўсё замежных свяшчэннікаў служыць у касцёлах: 190, з іх 181 — грамадзяне Польшчы. Аляксандр Косінец падзякаваў кіраўніцтву Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі за разуменне гэтай праблемы і паведаміў, што на працягу 7 гадоў павінна адбыцца замена замежных святароў на беларускіх. Сёлета з Гродзенскай і Пінскай каталіцкіх семінарый выйшлі 12 свяшчэннаслужыцеляў.

Ад імя Урада Аляксандр Косінец падзякаваў удзельнікам сустрэчы за актыўны ўдзел у духоўна-маральным выхаванні грамадства, садзейнічанне ў вырашэнні дэмаграфічнага крызісу ў краіне. Тое, што за сем месяцаў гэтага года смяротнасць насельніцтва знізілася на 4 працэнты (альбо на 3 тыс. жыццяў), а нараджальнасць павысілася на 10 працэнтаў (альбо на 6 тыс. новых беларусаў) — з’яўляецца заслугай не толькі дзяржавы, але таксама ўсіх канфесій на Беларусі.

— Прасіў бы вас і надалей рабіць усё магчымае для забеспячэння росту народанасельніцтва нашай краіны, — звярнуўся віцэ-Прэм’ер да рэлігійных лідараў.