СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЛЕТАСЬ УВЕДЗЕНА Ў ЭКСПЛУАТАЦЫЮ 11 СПАРТЫЎНЫХ АБ’ЕКТАЎ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 21.02.2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЛЕТАСЬ УВЕДЗЕНА Ў ЭКСПЛУАТАЦЫЮ 11 СПАРТЫЎНЫХ АБ’ЕКТАЎ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 21.02.2007 г.

Учора на Прэзiдыуме Савета Мiнiстраў было разгледжана пытанне па выкананню Праграмы рэканструкцыi фiзкультурна-спартыўных збудаванняў, якiя маюцца, i ўводу ў эксплуатацыю не завершаных будаўнiцтвам фiзкультурна-спартыўных збудаванняў на 2006—2008 гады.

Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi рэзка пакрытыкаваў адказных асобаў Урада i профiльных мiнiстэрстваў за нiзкiя тэмпы ўводу ў эксплуатацыю спартыўных аб’ектаў, а кiраўнiцтву абласцей даручана да канца тыдня разгледзець прычыны, па якiх не было забяспечана па вынiках мiнулага года ўвядзенне фiзкультурна-аздараўленчых комплексаў у краiне ў адпаведнасцi з Указам Кiраўнiка дзяржавы, а таксама даць ацэнку дзеянням будаўнiчых арганiзацый, якiя выйгралi адпаведныя тэндэры, але не выканалi свае абавязацельствы.

Летась, як адзначыў вiцэ-прэм’ер Аляксандр Косiнец, было ўстаноўлена заданне па завяршэнню будаўнiцтва 22 спартыўных аб’ектаў, з якiх уведзена толькi 11. Па 5 аб’ектах перанос тэрмiнаў будаўнiцтва быў узгоднены з Прэзiдэнтам, а 6 не ўведзена без усякага ўзгаднення. Апошняе датычыцца Гродзенскай вобласцi, дзе не ўведзена 4 спартыўныя аб’екты, Мiнскай — 1 i Мiнска — 1. «Нiчога добрага ў тым, што 50 працэнтаў запланаваных па краiне аб’ектаў не змаглi ўвесцi ў эксплуатацыю, няма, — канстатаваў Сяргей Сiдорскi. — У нас такога нiколi не было», — зазначыў кiраўнiк Урада. Да таго ж Прэм’ер назваў абсурднай тую сiтуацыю, калi адказныя асобы спрабуюць даказаць i расказаць пра тое, што працуюць над рэалiзацыяй дадзенай Праграмы эфектыўна: палова аб’ектаў не ўведзена, а мiж тым, чыноўнiкi самi прапiсалi пералiк аб’ектаў, якiя неабходна было б увесцi летась, на гэта выдаткоўвалiся грошы.

Павiнны быць прыняты меры па безумоўнаму ўводу спартыўных аб’ектаў дадзенай праграмы ў 2007 годзе, запатрабаваў Сяргей Сiдорскi. Паводле iнфармацыi Аляксандра Косiнца, прадугледжвалася, што ў гэтым годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю 38 аб’ектаў. Аднак з улiкам няпоўнага выканання праграмы мiнулага года, сёлета трэба будзе ўвесцi 43 аб’екты, у тым лiку 19 — пасля рэканструкцыi i 24 — аб’екты незавершанага будаўнiцтва. На рэалiзацыю Праграмы рэканструкцыi фiзкультурна-спартыўных збудаванняў, якiя маюцца, i ўводу ў эксплуатацыю не завершаных будаўнiцтвам фiзкультурна-спартыўных збудаванняў на 2006—2008 гады мяркуецца выдзелiць 267 мiльярдаў 860 мiльёнаў рублёў.