СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / КАЛI МАРГАРЫН СТАНЕ КАНКУРЭНТНАЗДОЛЬНЫМ?..
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 21 сакавiка 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

КАЛI МАРГАРЫН СТАНЕ КАНКУРЭНТНАЗДОЛЬНЫМ?..
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 21 сакавIка 2007 г.

Перспектывы развiцця алейна-тлушчавай галiны рэспублiкi на гэты i наступныя тры гады абмяркоўвалiся на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў у аўторак.

Прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi, пад старшынством якога i разглядаўся праект праграмы развiцця алейна-тлушчавай галiны на 2007—2010 гады, прывёў паражальную лiчбу наконт стану спраў у галiне: за апошнiя два гады экспарт беларускай алейна-тлушчавай прадукцыi знiзiўся ў 32 разы. Асобная гутарка — канкурэнтаздольнасць гэтай прадукцыi. «На сёння наша прадукцыя, напрыклад, маргарын каштуе 2100—2200 рублёў, а аналагiчны расiйскi — 1560—1650 рублёў. Вось вам, калi ласка, i ўся канкурэнцыя», — зазначыў Сяргей Сiдорскi. А таму неабходна, запатрабаваў кiраўнiк урада, прыняць меры па павышэнню канкурэнтаздольнасцi гэтай прадукцыi. Акрамя таго, трэба больш дэталёва разгледзець пытаннi тэхнiчнага пераўзбраення беларускiх прадпрыемстваў па перапрацоўцы алею, увязкi iх працы са знешнiмi рынкамi дадзенай прадукцыi, пытаннi навуковага забеспячэння ў частцы распрацоўкi новых рэцэптур алейна-тлушчавай прадукцыi.

Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Iван Данчанка, якi прадстаўляў праект праграмы, падкрэслiў, што яе рэалiзацыя дазволiць павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi алейна-тлушчавай галiны да канца 2010 года ў параўнаннi з мiнулым у 3 разы. Асноўнымi мэтамi дакумента ён назваў максiмальнае забеспячэнне краiны алеем, а камбiкормавай прамысловасцi — другаснай сыравiнай беларускай вытворчасцi, павышэнне канкурэнтаздольнасцi прадукцыi айчынных прадпрыемстваў па вытворчасцi алею. У прыватнасцi, для скарачэння iмпарту алею плануецца павялiчыць магутнасцi па вытворчасцi гэтага прадукту ў рэспублiцы. За чатыры гады, згодна з праектам праграмы, у Беларусi прадугледжваецца ў 2,5 раза павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi рапсу (да 479 тысяч тон у 2010 годзе), што дазволiць у 2010 годзе вырабiць 145—150 тысяч тон рапсавага алею i задаволiць патрэбы краiны ў iм. Павялiчацца аб’ёмы вытворчасцi i бутыляванага алею з сённяшнiх 5,3 тысячы тон да 76 тысяч тон у 2010 годзе. У час, што адведзены на рэалiзацыю праграмы, мяркуецца рэканструяваць i тэхнiчна пераўзброiць 10 алейна-тлушчавых прадпрыемстваў, што дзейнiчаюць, а таксама пабудаваць два новыя. Паводле слоў Iвана Данчанкi, на тэхнiчнае пераўзбраенне i рэканструкцыю галiны плануецца зрасходаваць у 2007—2010 гадах да 74,5 мiльёна долараў ЗША.