СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / IНАВАЦЫI — НА БАЗЕ АЙЧЫННЫХ РАСПРАЦОВАК
«Звязда», Iгар ШЧУЧЭНКА, 21 лiстапада 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

IНАВАЦЫI — НА БАЗЕ АЙЧЫННЫХ РАСПРАЦОВАК
«Звязда», Iгар ШЧУЧЭНКА, 21 лIстапада 2007 г.

Распрацоўваючы праграму iнавацыйнага развiцця краiны, урад рабiў акцэнт на стварэннi такой эканомiкi, якая стане канкурэнтаздольнай на еўрапейскiм i сусветным рынках. Прадугледжваецца, што гэта павiнна быць навукаёмiстая, рэсурсазберагальная i сацыяльна-арыентаваная эканомiка.

Як плануецца, у ходзе выканання гэтай праграмы будзе рэалiзавана 1302 праекты: у тым лiку, створана 173 новыя прадпрыемствы i важнейшыя вытворчасцi (першы ўзровень), 274 — новыя вытворчасцi на дзеючых прадпрыемствах (другi ўзровень), i 753 — трэцяга ўзроўню, што ўключае 397 праектаў па мадэрнiзацыi дзеючых вытворчасцяў i 457 праектаў, якiя звязаны з асваеннем перадавых тэхналогiй. Аб тым, як у краiне рэалiзуецца Дзяржаўная праграма iнавацыйнага развiцця Беларусi на 2007—2010 гады, i iшла ўчора размова на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў, на якiм старшынстваваў Першы намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Уладзiмiр Сямашка.

"Сёння мы можам канстатаваць, што ў нас ужо ёсць у гэтай справе пэўныя поспехi", — зазначыў Уладзiмiр Сямашка. Сярод найбольш яркiх iнавацыйных праектаў, якiя былi рэалiзаваны сёлета ў рэспублiцы, ён назваў, у прыватнасцi, стварэнне вытворчасцi бясшоўных гарачакатаных труб на БМЗ. Па сутнасцi, заўважыў першы вiцэ-прэм’ер, гэта завод у заводзе. Значнасць для краiны гэтага праекта заключаецца ў тым, што цяпер мы не будзем прадаваць за мяжу балванкi па 300—350 долараў за тону, а пойдзе туды высакаякасная, высокатэхналагiчная прадукцыя, якая каштуе мiнiмум 800 долараў за тону. А гэта, канстатаваў Уладзiмiр Сямашка, дадатковыя паступленнi ў бюджэт.

Яшчэ адзiн завод у заводзе — стварэнне на ЗАТ "Атлант" вытворчасцi аўтаматычных пральных машын. На прадпрыемстве створаны магутнасцi для выпуску 700 тысяч такiх машын. Зараз там вырабляецца 150 тысяч штук гэтай прадукцыi. Акрамя таго, узгадаў першы вiцэ-прэм’ер i пра Смаргонскi агрэгатны завод, на якiм створаны магутнасцi для вытворчасцi 5 тысяч садова-вiнаградных трактароў "МТЗ-921".

Вынесенае ўчора на абмеркаванне Прэзiдыума пытанне па iнавацыйным развiццi Уладзiмiр Сямашка выдзелiў як надзвычай важнае. Без рэалiзацыi абмяркоўваемай праграмы ён назваў нерэальнымi плануемыя тэмпы росту ў будучым аб’ёмаў ВУП i iнвестыцый. Мiж iншым, паводле яго слоў, тэмпы росту першага ў наступным годзе павiнны скласцi не менш як 108,5 працэнта. "Эканомiка краiны ўвайшла ў прынцыпова новую сферу — сферу абнаўлення, — лiчыць першы вiцэ-прэм’ер. — Аднак усё, чаго мы да гэтага часу дабiлiся, створана на тых фондах, на тым абсталяваннi, якое мы атрымалi ў спадчыну ад былога СССР. Каб i надалей захаваць высокiя тэмпы росту ВУП, мы павiнны абнаўляць фонды — гэтага патрабуе жыццё", — зазначыў ён.

Дарэчы, мяркуючы па агучанай на пасяджэннi iнфармацыi, iнавацыйнае развiццё эканомiкi будзе ў асноўным базiравацца на айчынных навуковых распрацоўках i тэхналогiях. У прыватнасцi, як паведамiў старшыня Дзяржаўнага камiтэта па навуцы i тэхналогiях Уладзiмiр Мацюшкоў, прадугледжваецца выкананне больш за тысячу праектаў менавiта на падставе ўкаранення беларускiх тэхналогiй. Паводле яго слоў, сёлета за 10 месяцаў аб’ём вытворчасцi iнавацыйнай прадукцыi ў рэспублiцы дасягнуў амаль 15 трлн рублёў. У гэтым годзе праца вядзецца па 660 праектах, на якiя было накiравана больш як 2,39 трлн рублёў. У краiне ўжо ўведзены ў эксплуатацыю 59 аб’ектаў, а ў наступным месяцы плануецца рэалiзаваць яшчэ 109 праектаў. Па вынiках дзевяцi месяцаў у ходзе рэалiзацыi праграмы ў Беларусi ўжо створаны 2043 працоўныя месцы.