СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ТОЛЬКI ЭКАНОМНЫ МОЖА БЫЦЬ БАГАТЫМ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 22 жнiўня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ТОЛЬКI ЭКАНОМНЫ МОЖА БЫЦЬ БАГАТЫМ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 22 жнIўня 2007 г.

Сёння і ў далейшым нам неабходна вырашыць шэраг задач, якія дазволяць жыць беларусам у стабільнай ва ўсіх адносінах краіне. Жыць, зразумела, якасна. Аднак гэта магчыма толькі ў тым выпадку, як ужо неаднаразова адзначалася, калі айчынная эканоміка будзе развівацца стабільна і дынамічна. Зараз адна з прыярытэтных задач, што знаходзіцца на слыху, — вырашэнне пытанняў, звязаных з энергетычнай бяспекай рэспублікі, у тым ліку зніжэнне энергаёмістасці ВУП. У чэрвені кіраўніком краіны была падпісана Дырэктыва № 3 "Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы". Учора пад старшынствам Прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў разглядаўся план мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтага важнага дакумента.

Прэм’ер нагадаў прысутным, што да 2010 года ў краіне прадугледжваецца забяспечыць зніжэнне энергаёмістасці ВУП на 31 працэнт, да 2015 — на 50 працэнтаў, да 2020 — на 60 працэнтаў. Другая глабальная мэта, якая пастаўлена Прэзідэнтам у Дырэктыве № 3, — забяспечыць да 2012 года 25 працэнтаў выкарыстання мясцовых відаў паліва ў агульным балансе паліўна-энергетычных рэсурсаў. Паводле слоў міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі, распрацаваны комплекс мерапрыемстваў якраз і павінен працаваць на дасягненне гэтых мэтаў.

Дакумент ахоплівае 8 асноўных напрамкаў і ўносіць удакладненні і дапаўненні ў шэраг дзяржаўных праграм, а таксама ў Канцэпцыю энергетычнай бяспекі. У прыватнасці, план прадугледжвае арганізацыю жорсткага кантролю за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, зніжэнне удзельных матэрыяльных затрат на адзінку выпускаемай прадукцыі пры адначасовым росце вытворчасці і яе мадэрнізацыі. Будуць распрацоўвацца балансы попыту і прапановы электрычнай энергіі, прыроднага і звадкаванага газу, маторнага і кацельна-пячнога паліва па абласцях і Мінску. Пры гэтым будуць улічвацца ўстаноўленыя мэтавыя прагнозныя паказчыкі па зніжэнню энергаёмістасці ВУП, заданні па павелічэнню выкарыстання мясцовых відаў паліва, нетрадыцыйных і ўзнаўляемых крыніц энергіі.

Акрамя таго, зазначыў міністр, у Беларусі плануецца ўвесці зацвярджэнне як айчыннай, так і імпартнай прадукцыі па паказчыку энергаэфектыўнасці. Прадпрыемствам будуць даводзіцца канкрэтныя паказчыкі па эканоміі энергетычных рэсурсаў, прадугледжваецца паскоранае тэхнічнае пераўзбраенне арганізацый, у тым ліку распрацоўка праекта па пераўтварэнню кацельных ў міні-ЦЭЦ. Кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія эканомяць энергарэсурсы, мяркуецца заахвочваць — прэміраваць. У адваротным выпадку, калі даведзеныя заданні па зніжэнню энергаёмістасці не выконваюцца, прадугледжваюцца і меры адказнасці.

Дарэчы, план мерапрыемстваў закранае і маленькіх беларусаў: для іх прадугледжана выданне літаратуры па пытаннях эканоміі і беражлівасці.

У размове з журналістамі Мікалай Зайчанка зазначыў, што з улікам той сітуацыі, якая складваецца ў адносінах з Расіяй, з улікам кошту газу і росце цэн на яго, выпрацоўка электраэнергіі становіцца вельмі дарагой. Справа ў тым, што 96 працэнтаў электраэнергіі выпрацоўваецца з газу на ЦЭЦ. "Мы губляем канкурэнтаздольнасць на тарыфах для рэальнага сектара эканомікі, а таму канкурэнтаздольнасць прамысловасці і эканомікі ў цэлым губляецца", — адзначыў Мікалай Зайчанка. Таму, на думку міністра, Беларусі не абысціся без такой крыніцы як атамная энергетыка. Рэспубліка пакуль адстае ад развітых краін з пункту гледжання энергаёмістасці як асобных відаў прадукцыі, так і эканомікі ў цэлым. "Мы больш спажываем электраэнергіі, газу, цеплавой энергіі на выпуск той ці іншай адзінкі прадукцыі", — падкрэсліў міністр. Гэта датычыць і насельніцтва, якое павінна быць больш эканомным. Як заўважыў Мікалай Зайчанка, толькі эканомны можа быць багатым.

А вось дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Леў Дубовік выказаў меркаванне ў гутарцы з прадстаўнікамі СМІ пра тое,, што ў краіне неабходна больш актыўна развіваць ветраэнергетыку. Праўда, для яе развіцця асноўнай праблемай у Беларусі з’яўляецца невялікая хуткасць ветру. Аднак ветраўстаноўкі можна адаптаваць да мясцовых умоў, што, між іншым, з некалькімі такімі ўстаноўкамі будзе зроблена ўжо сёлета.