СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ДРАУЛЯНЫ АПАД,СУХАСТОЙ,ВЕТРАВАЛЫ…САГРЭЮЦЬ МАЛЫЯ I СЯРЭДНIЯ ГАРАДЫ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 22 верасня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ДРАУЛЯНЫ АПАД,СУХАСТОЙ,ВЕТРАВАЛЫ…САГРЭЮЦЬ МАЛЫЯ I СЯРЭДНIЯ ГАРАДЫ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 22 верасня 2007 г.

Можна шмат разважаць пра тое, якія страты панесла Беларусь пасля сумнавядомых у нашай краіне падзей з пастаўкамі расійскіх энерганосьбітаў. Выдаваць песімістычныя прагнозы наконт будучыні айчыннай эканомікі і чакаць з мора надвор’я. Урэшце, гэта прывядзе да яшчэ большых праблем. Іншая справа — не сядзець склаўшы рукі, а шукаць выйсце з няпростай сітуацыі. І трэба зазначыць, што шмат захадаў у гэтым напрамку ў рэспубліцы ўжо зроблена.

Як вядома, Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача, каб кожная чацвёртая гігакалорыя і кожная чацвёртая КВт/г у нашай краіне выпрацоўвалася на мясцовых відах паліва. Паводле меркавання спецыялістаў, задача рэальная. А галоўнае — яна стварае перспектывы энергетычнай бяспекі для Беларусі. Урадам ужо прынята праграма пераходу на будаўніцтва міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва для малых і сярэдніх гарадоў. А вось як яна ўкараняецца ў жыццё і якія праблемы тут існуюць? — адказ на гэтыя пытанні Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі шукаў падчас паездкі ў Вілейскі раён, дзе ён азнаёміўся з працай раённай міні-ЦЭЦ, арганізацыяй нарыхтоўкі, тэхналогіяй вытворчасці, транспарціроўкі і захоўваннем паліўнай шчапы для такіх міні-ЦЭЦ.

Вілейская міні-цэнтраль працуе на мясцовай сыравіне — драўняных шчэпках. Паводле меркавання міністра лясной гаспадаркі Пятра Сямашкі, каштоўнасць гэтага паліва ў тым, што яно цалкам узнаўляльнае. Прычым ніхто не вядзе гутарку пра тое, што неабходна ўвесь лес у рэспубліцы пусціць пад сякеру, каб ацяпліць жыллё людзей. Між тым, сёння ўся лясная высечка галоўнага карыстання больш як на 80 працэнтаў узнаўляецца ляснымі культурамі ўжо праз год. Да таго ж, драўнінны рэсурс — гэта не столькі высечка дрэў: на шчэпкі ідзе матэрыял, які літаральна валяецца пад нагамі — апад, сухастой, ветравалы. А значыць, гэты від паліва мае шэраг пераваг: ён дасць людзям цяпло, святло, ачысціць лес ад смецця. Больш за тое, нарошчванне яго выкарыстання адаб’ецца і на кошце электраэнергіі ў бок змяншэння. Калі цяперашняя цана газу складае каля 120 долараў за тону ўмоўнага паліва, то тона ўмоўнага паліва ў выглядзе шчэпак — "заважвае" прыкладна на 80 долараў.

А таму, лічыць намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі дырэктар Дэпар-тамента па энергаэфектыўнасці Леў Дубовік, раённыя цэнтры, якія размешчаны ў лясістай мясцовасці, павінны ацяпляцца менавіта драўняным палівам. Што ж датычыцца газу, то для міні-ЦЭЦ ён стане запасным — будзе выкарыстоўвацца толькі ў асобных выпадках, напрыклад, пры моцным пахаладанні, ці ў выпадку перабояў з драўняным палівам.

На сёння ж у Беларусі рэалізуецца тры розныя пілотныя праекты міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва, паведаміў Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. У Асіповічах на цеплаэлектрацэнтралі ўстаноўлена расійскае абсталяванне, у Вілейцы — сумесны праект з выкарыстаннем расійскага абсталявання, у Пружанах выкарыстоўваецца шведскае абсталяванне. "Гэта робіцца для таго, каб упэўніцца, — які праект для нашай краіны больш эфектыўны", — патлумачыў Прэм’ер. У бліжэйшыя чатыры гады ў рэспубліцы плануецца пабудаваць 10 міні-ЦЭЦ. Пераход на мясцовыя віды паліва і стварэнне 10 міні-ЦЭЦ дазволіць зэканоміць 220 мільёнаў кубоў газу. А таму "такія станцыі для нашай краіны з’яўляюцца перспектыўнымі, паколькі яны дазваляюць не быць залежнымі ад газу", — зазначыў Сяргей Сідорскі.

Адказваючы на пытанне журналістаў наконт прадастаўлення Расіяй стабілізацыйнага крэдыту, нашай краіне Сяргей Сідорскі нагадаў, што дамоўленасць аб гэтым была дасягнута паміж прэзідэнтамі абедзвюх краін. Наш Урад зрабіў усё для таго, каб сёлета адпрацаваць пакет дакументаў. У сваю чаргу міністэрствы фінансаў РФ і Беларусі ўзгаднілі ўсе неабходныя дакументы. Зараз яны знаходзяцца на разглядзе ў расійскім урадзе. На думку беларускага Прэм’ера, дасягнутыя паміж двума прэзідэнтамі дамоўленасці павінны спрацаваць.