СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЦЭМЕНТУ ХОПIЦЬ УСIМ
«Звязда», Iлона IВАНОВА, 23 жніўня 2006 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЦЭМЕНТУ ХОПIЦЬ УСIМ
«Звязда», Iлона IВАНОВА, 23 жніўня 2006 г.

Урад плануе павялiчыць вытворчасць цэменту: да 5 мiльёнаў тон у год да канца пяцiгодкi.

Як мы ўжо паведамлялi, кiраўнiк урада Сяргей Сiдорскi правёў нараду на прадпрыемстве «Крычаўцэменташыфер». У ёй бралi ўдзел мiнiстр архiтэктуры i будаўнiцтва Аляксандр Селязнёў i мiнiстр гандлю Аляксандр Iванкоў, старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Барыс Батура, а таксама кiраўнiкi цэментных заводаў Беларусi.

Кiраўнiк урада паставiў задачу тэрмiнова павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi цэменту за кошт эфектыўных тэхналогiй i пашырэння наменклатуры. Вырашана ўжо сёлета павялiчыць выпуск цэменту ў краiне да 3,5 млн тон у год. Сяргей Сiдорскi патлумачыў, што зусiм не на ўсiх аб’ектах будаўнiцтва сёння ёсць неабходнасць выкарыстоўваць высокатрывалы цэмент маркi 500. Таму за кошт ужывання мiнеральных дадаткаў i шлакаў магчыма павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi цэменту на 20 працэнтаў.

На беларускiх цэментных заводах актыўна iдзе развiццё вытворчых магутнасцяў. На прадпрыемстве «Крычаўцэменташыфер» пачалося будаўнiцтва новай лiнii. Новая печ будзе пабудавана i на Беларускiм цэментным заводзе ў Касцюковiчах. Мяркуецца пашырыць вытворчасць цэменту i на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».

Паводле планаў урада, на працягу блiжэйшых трох гадоў у Беларусi адбудзецца паскораная мадэрнiзацыя цэментнай галiны, якая дасць магчымасць павялiчыць вытворчасць цэменту яшчэ на 1,5 мiльёна тон. Да канца пяцiгодкi плануецца давесцi вытворчасць цэменту ў краiне да 5 мiльёнаў тон ў год.

Сяргей Сiдорскi заўважыў, што для выканання гэтых планаў ёсць грошы i магчымасцi, а патрэбы ў цэменце ў Беларусi i за яе межамi ўсё павялiчваюцца.

— Яшчэ два гады таму мы iмпартавалi цэмент у нашу краiну, — нагадаў прэм’ер-мiнiстр. — Сёння мы поўнасцю забяспечваем у нашай краiне ўнутраныя патрэбы будаўнiцтва. Цяпер важна не знiжаць экспарт.

Зараз Беларусь, паводле дамоўленасцяў, пастаўляе цэмент у Маскву i Калiнiнградскую вобласць, i расiяне просяць павялiчыць пастаўкi.

— Галоўнае ў тым, каб нарасцiць экспартны патэнцыял нашай краiны, — сказаў кiраўнiк урада на нарадзе. — Нам трэба адказаць на выклiк часу. Цэмент сёння запатрабаваны i трэба прыкласцi усе намаганні, працаваць у тры-чатыры змены, але вырабiць столькi цэменту, колькi рынак спажыве. Запасаў зыходнай сыравiны ў краiне дастаткова, ва ўсякiм разе — на блiжэйшыя 70—100 гадоў.

На нарадзе ў Крычаве пачаўся разгляд дадатковай iнвестыцыйнай праграмы па будаўнiцтву новага цэментнага прадпрыемства, новай печы на ўзроўнi мiльёна тон прадукцыi ў год.

— Што гэта будзе каштаваць для краiны? Гэта 140 мiльёнаў долараў, — сказаў журналiстам Сяргей Сiдорскi. — У нас ёсць шэраг прапаноў, у тым лiку ад расiйскiх кампанiй, якiя гатовы з намi працаваць на ўсiх нашых цэментных заводах.

Кiраўнiк урада лiчыць, што сёння выгадна працаваць з прыцягнутымi крэдытнымi рэсурсамi. Патэнцыйныя iнвестары ёсць i за межамi нашай краiны, якiя хочуць укласцi грошы ў развiццё цэментнай галiны ў абмен на акцыi беларускiх заводаў. Усе прапановы ўрад будзе ўважлiва разглядаць, узважваць жаданнi iнвестараў i выгады нашых прадпрыемстваў. Канкрэтныя назвы кампанiй, якiя выявiлi iнтарэс да цэментнай галiны ў Беларусi, Сяргей Сiдорскi не стаў называць, сказаўшы толькi, што перагаворны працэс iдзе.

У Крычаве таксама было закранута пытанне аб насычэннi цэментам унутранага рынку, каб не было яго дэфiцыту ў рознiчнай гандлёвай сетцы. У апошнюю дэкаду жнiўня ў гандаль ва ўсiх абласцях паступае 10 тысяч тон цэменту, дадаткова ў вераснi — яшчэ 16 тысяч тон.

— У чым праблема? У тым, што аб’ёмы будаўнiцтва павялiчылiся рэзка i, нашмат, — патлумачыў мiнiстр гандлю Аляксандр Iванкоў. — Таму i знiк цэмент з крамаў. Але сiтуацыя выпраўляецца.

Увогуле, лiчыць мiнiстр гандлю, цэменту ў краiне хапае, i рознiчны рынак спажывае толькi 4 працэнтыад агульнай колькасцi вырабленага. Разам з тым Аляксандр Iванкоў паабяцаў, што яго мiнiстэрства навядзе парадак на рынку, каб не было перапродажу па двайных цэнах: напрыклад, набываюць цэмент на заводзе за 7—8 тысяч рублёў, а прадаюць — за 15—20 тысяч. Кiраўнiк урада даручыў разабрацца з гэтым, i пытанне рыначных цэнаў на цэмент бярэцца пад сур’ёзны кантроль.

У ходзе рабочага вiзiту ў Магiлёўскую вобласць Сяргей Сiдорскi таксама наведаў аграгарадок Бацвiнаўка ў Крычаўскiм раёне, i пабываў у Бялынiчах на мясцовым фiлiяле прадпрыемства «Бабулiна крынка», дзе вялася размова аб рэалiзацыi iнвестыцыйнага праекта па вытворчасцi 20 тон сыру ў суткi.