СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ПЕРСПЕКТЫВЫ РОСТУ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 24 жнiуня 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ПЕРСПЕКТЫВЫ РОСТУ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 24 жнIуня 2007 г.

Пачынаючы ўчарашняе пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўваліся параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год і праект закона аб бюджэце на 2008, Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі выказаў удзячнасць экспертам, якія прымалі ўдзел у працы па атрыманню нашай краінай крэдытнага рэйтынгу.

Нагадаем, што на гэтым тыдні міжнароднае рэйтынгавае агенцтва "Standart& Poor’s" прысвоіла Беларусі доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг у замежнай валюце "В+", кароткатэрміновы крэдытны рэйтынг у замежнай валюце — "В", доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг у нацыянальнай валюце — "ВВ", кароткатэрміновы крэдытны рэйтынг  у нацыянальнай валюце — "В". А на наступны дзень стабільнасць развіцця рэспублікі была ацэнена і яшчэ адным міжнародным рэйтынгавым агенцтвам Moody s Іnvestors Servіce, якое таксама апублікавала прысвоеныя Беларусі значэнні суверэннага крэдытнага рэйтынгу.

Рэйтынгі агенцтва маюць прагноз "стабільны". Як адзначыў Сяргей Сідорскі, прысвоены Беларусі рэйтынг дастаткова высокі. "Стабільнасць нашай эканомікі пацвярджаецца міжнароднымі экспертамі. У нас сёння дастаткова дынамічна развіваецца эканоміка, і тыя паказчыкі развіцця, якія ёсць, адпавядаюць высокім сусветным стандартам", — заўважыў Прэм’ер.

У сваю чаргу міністр фінансаў Мікалай Корбут, каментуючы прысваенне Беларусі рэйтынгу прадстаўнікам СМІ, падкрэсліў, што рэйтынгавыя агенцтвы пацвердзілі сваёй ацэнкай значны эканамічны рост нашай краіны. "Прысваенне рэйтынгу дазволіць нам значна паменшыць расходы па абслугоўванню знешняга доўгу, а таксама стварае ўмовы для выкарыстання знешніх інвестыцый на развіццё эканомікі", сказаў міністр.

Агучваючы перспектывы развіцця рэспублікі на наступны год, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка паведаміў, што асноўнай мэтай сацыяльна-эканамічнай палітыкі па-ранейшаму з’яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва на аснове далейшага ўстойлівага эканамічнага росту. У прыватнасці, тэмп росту ВУП можа скласці                 ў будучым годзе 107,5—108,5 працэнта да ўзроўню 2007 года.

Аб’ём прамысловай вытворчасці мяркуецца павялічыць на 7—8 працэнтаў, сельгасвытворчасці — на 6,5—8 працэнтаў, інвестыцыі ў асноўны капітал узрастуць на 15—17 працэнтаў. Плануецца, што інфляцыя ў 2008 годзе не выйдзе за межы ў 6—8 працэнтаў, што забяспечыць падтрыманне працэнтных ставак на ўзроўні, які будзе спрыяць росту зберажэнняў у нацыянальнай валюце. Рэальныя даходы насельніцтва, згодна з прагнозам, павялічацца на 8—9 працэнтаў.

У 2008 годзе будзе прадоўжана аптымізацыя падатковай сістэмы і зніжэнне яе ціску на эканоміку. Паводле слоў Мікалая Зайчанкі, налета плануецца адмяніць адзін з абаротных падаткаў — з карыстальнікаў аўтадарог, асобныя неэфектыўныя зборы. "У якасці кампенсатара" плануецца павысіць стаўку падатку на дабаўленую вартасць                           з 18 да 20 працэнтаў.

Прадстаўляючы праект бюджэту на 2008 год, міністр фінансаў Мікалай Корбут заўважыў, што гэта будзе бюджэт не праядання, а развіцця: грошы пойдуць на развіццё эканомікі, на развіццё краіны ў цэлым. Міністэрства прапануе сфарміраваць рэспубліканскі бюджэт з дэфіцытам 2 трлн рублёў, або 2 працэнты ВУП і звязвае гэта з больш актыўнай інвестыцыйнай палітыкай дзяржавы. "Павелічэнне дэфіцыту бюджэту накіравана на стварэнне новых вытворчасцяў і развіццё эканомікі", — сказаў Мікалай Корбут. Даходы рэспубліканскага бюджэту ў будучым годзе, згодна з праектам, складуць 50,4 трлн рублёў, расходы — 52,4 трлн (на 15 працэнтаў больш у параўнанні з 2007 годам).