СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ЭФЕКТЫУНАСЦЬ АДЛЮСТРОУВАЕ КОШТ
«Звязда», Iгар Шчученка, 26 сентября 2007г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ЭФЕКТЫУНАСЦЬ АДЛЮСТРОУВАЕ КОШТ
«Звязда», Iгар Шчученка, 26 сентября 2007г.

1 кВт/г электраэнергіі "пацягне" ў 2010-м каля 10 цэнтаў...

У параўнанні з 2006 годам на працягу 5 наступных гадоў кошт электраэнергіі павялічвацца не павінен, адзначыў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі, на якім разглядаўся праект Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергетычнай сістэмы, энергазберажэння і павелічэння долі выкарыстання ў рэспубліцы ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў да 2010 года, Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Кіраўнік Урада, у прыватнасці, паставіў задачу, каб у 2010 годзе кошт 1 кВт/г электраэнергіі не перавышаў 10 цэнтаў. І патлумачыў, што такія параметры кошту электраэнергіі павінны адлюстроўваць рэальную эфектыўнасць мерапрыемстваў, што прадугледжваюцца праграмай, кошт якой прапануецца павялічыць на 5 млрд долараў ЗША — да 9,9 млрд.

Новая рэдакцыя дзеючай праграмы распрацавана, паводле слоў міністра энергетыкі Аляксандра Азярца, у мэтах рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі энергабяспекі і Дырэктывы № 3.

Праект удакладненай праграмы прадугледжвае выкананне да 2010 года мерапрыемстваў, рэалізацыя якіх дазволіць павысіць узровень энергетычнай бяспекі краіны. Дасягнуць гэтага плануецца ў тым ліку за кошт мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў беларускай энергасістэмы і зніжэння іх зносу не менш чым на 14,9 працэнтнага пункта ў параўнанні з узроўнем 2005 года. Дарэчы, паводле слоў першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, сёння знос асноўных фондаў беларускай энергасістэмы складае каля 64 працэнтаў. "Згодна з сусветнай класіфікацыяй, — удакладніў ён, — гэты паказчык — закрытычны ўзровень". За кошт жа рэалізацыі праграмы яго ўдасца істотна знізіць — да 40 працэнтаў. Першы віцэ-прэм’ер таксама заўважыў, што калі гэтага не рабіць, то кошт 1 кВт/г электраэнергіі да 2011 года можа скласці 15—16 цэнтаў замест тарыфу не больш як 10 цэнтаў. Акрамя таго, праектам праграмы прадугледжваецца, што энергаёмістасць ВУП да 2010 года ў параўнанні з 2005-м павінна знізіцца не менш як на 31 працэнт. А выкарыстанне мясцовых, нетрадыцыйных і ўзнаўляльных крыніц энергіі плануецца павялічыць да 20,5 працэнта ад агульных патрэб рэспублікі ў кацельна-пячным паліве.

Што датычыцца эканоміі, то, у прыватнасці, у беларускай энергасістэме да 2010 года плануецца зэканоміць 1,15 млн тон умоўнага паліва, у іншых галінах эканомікі — 6,4 млн тон. Як паведаміў Аляксандр Азярэц, у мадэрнізацыю асноўных вытворчых фондаў беларускай энергасістэмы мяркуецца інвеставаць 3,1 млрд долараў. Прычым тэхнічнае пераўзбраенне будзе праводзіцца з выкарыстаннем найноўшых высокаэфектыўных тэхналогій, у асноўным з прымяненнем парагазавага цыкла. У электраэнергетычнай галіне да 2010 года плануецца ўвесці 1140 МВт магутнасцяў. Адным з найважнейшых праектаў стане будаўніцтва парагазавага блока магутнасцю 450 МВт на Мінскай ЦЭЦ-5, увод якога дазволіць штогод эканоміць каля 330 тыс. тон умоўнага паліва. Будуць пабудаваны сучасныя парагазавыя блокі на мінскіх ЦЭЦ-3 і ЦЭЦ-2, праведзена мадэрнізацыя Бярозаўскай ГРЭС, Гродзенскай ЦЭЦ-2, іншых станцый. Да 2010 года, сказаў Аляксандр Азярэц, у краіне будзе пабудавана 16 міні-ЦЭЦ, у тым ліку 10 — на мясцовых відах паліва.

Як паведаміў прадстаўнікам СМІ Аляксандар Азярэц пасля пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, у праекце праграмы "ёсць пэўныя няроўнасці". А таму дакумент будзе дапрацоўвацца з улікам выказаных рэкамендацый.