СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / СТО НОВЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ БЕЛАРУСI. I МАДЭРНIЗАВАНЫЯ СТАРЫЯ...
«Звязда», Сяргей Кузняцоў, 27 красавiка 2007г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

СТО НОВЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ БЕЛАРУСI. I МАДЭРНIЗАВАНЫЯ СТАРЫЯ...
«Звязда», Сяргей Кузняцоў, 27 красавIка 2007г.

Да 2010 года ў Беларусi будзе створана не менш за 100 новых прадпрыемстваў з сучаснымi тэхналогiямi. Аб гэтым паведамiў учора Прэм’ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi, выступаючы ў Мiнску на Мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi «Рэспублiка Беларусь: iнавацыйная палiтыка — канкурэнтаздольнасць — бяспека».

Паводле слоў Сяргея Сiдорскага, стварэнне 100 прадпрыемстваў прадугледжана Праграмай iнавацыйнага развiцця краiны на 2007—2010 гады. Аднак не выключана, што ў рэальнасцi колькасць новых прадпрыемстваў будзе большай. «Магчыма, лiчба будзе павялiчана, але нi ў якiм разе не зменшана. Гэта будуць сучасныя прадпрыемствы з новымi тэхналогiямi, менш энергазатратныя», — адзначыў Прэм’ер-мiнiстр.

Адначасова плануецца стварыць 386 новых вытворчасцяў на дзеючых прадпрыемствах i правесцi мадэрнiзацыю 800 прадпрыемстваў. Усе гэтыя меры «павiнны павялiчыць канкурэнтаздольнасць эканомiкi краiны».

У рамках праграмы плануецца пабудаваць не менш за 6 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў па вытворчасцi новых вiдаў прадукцыi. Пры гэтым прадпрыемствы будуць выкарыстоўваць сыравiнныя рэсурсы нашай краiны. У 2007 годзе завяршаецца будаўнiцтва ў Шклове «самага сучаснага завода на постсавецкай прасторы па вытворчасцi газетнай паперы». На гэтым прадпрыемстве будзе рэалiзавана iнавацыйная безадходная тэхналогiя — з адходаў вытворчасцi газетнай паперы будзе вырабляцца прадукцыя, «якая карыстаецца сёння велiзарным попытам на рынку».

У наступныя 2 гады плануецца завяршыць перааснашчэнне перапрацоўчых прадпрыемстваў. «Гэта датычыцца малочнай, мясной прамысловасцi, прадпрыемстваў кансервавай i плодаагароднiннай прамысловасцi».

Паводле слоў Сяргея Сiдорскага, у блiжэйшы час беларускi Урад пачне рэалiзацыю комплекснай праграмы, звязанай з космасам. Плануецца, у прыватнасцi, пабудаваць «вытворчасцi, якiя будуць працаваць на гэтую высокатэхналагiчную галiну».

У блiжэйшы час на вытворчым аб’яднаннi «Гомсельмаш» будзе актыўна развiвацца вытворчасць сучасных збожжаўборачных камбайнаў. Як адзначыў Сяргей Сiдорскi, сёння стаiць задача пашырыць мадыфiкацыi выпускаемай тэхнiкi, каб цалкам замянiць iмпартуемую тэхнiку, якая вырабляецца ў еўрапейскiх дзяржавах.

Плануецца ўкараненне самых сучасных тэхналогiй у блiжэйшы час на «Iнтэграле». Зараз набываецца абсталяванне па вытворчасцi iнтэгральных мiкрасхем на гэтым прадпрыемстве. Iнвестыцыi ў новае абсталяванне складаюць 50 млн долараў.

У Брэсцкай вобласцi на базе радовiшча «Сiтнiцкае» будзе створаны горна-ўзбагачальны камбiнат магутнасцю 6 млн тон гранiту ў год. Паводле слоў Сяргея Сiдорскага, плануецца аднаўляць раней дзеючыя малыя ГЭС. Асаблiвая ўвага таксама будзе надавацца будаўнiцтву новых ТЭЦ на мясцовых вiдах палiва.

На Вiцебскай бiяфабрыцы будзе ўкараняцца вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў, распрацаваных айчыннымi навукоўцамi з тым, каб выйсцi на спажыванне ў краiне 70 працэнтаў сваiх прэпаратаў самага высокага сусветнага ўзроўню. Сёння гэты паказчык з’яўляецца значна меншым.

Гаворачы пра тэлевiзiйную галiну, Сяргей Сiдорскi адзначыў, што iснуе «пэўная стагнацыя на прадпрыемствах «Вiцязь» i «Гарызонт». Мы сутыкнулiся з тым, што нашы партнёры ў Расii ўвялi вытворчасць тэлевiзiйнай тэхнiкi ў свабоднай эканамiчнай зоне Калiнiнграда». У сувязi з гэтым беларускi ўрад «быў вымушаны прыняць сiметрычныя меры, бо вытворчасць нашых тэлевiзараў ажыццяўлялася ў звычайных эканамiчных умовах».

Прэм’ер-мiнiстр дадаў таксама, што ў блiжэйшай будучынi згаданыя прадпрыемствы па вытворчасцi тэлевiзiйнай тэхнiкi павiнны перайсцi на выпуск мадэляў з вадкакрышталiчнымi экранамi, «якiя заменяць дзеючую вытворчасць».

Для забеспячэння высокай канкурэнтаздольнасцi айчыннай вытворчасцi асаблiвая ўвага будзе надавацца сертыфiкацыi прадукцыi айчынных прадпрыемстваў. Так, распрацоўкi, якiя будуць укараняцца сёлета i ў наступныя гады, павiнны быць абавязкова сертыфiкаваныя органамi дзяржаўнай экспертызы.

Паводле слоў Прэм’ер-мiнiстра, iнавацыйныя тэхналогii, якiя ўкараняюцца сёння, забяспечаць рост ВУП «не менш за 8—9 працэнтаў, як прадугледжана планам сацыяльна-эканамiчнага развiцця да 2010 года». Пры гэтым Сяргей Сiдорскi выказаў упэўненасць у тым, што i ў наступныя гады «краiна будзе здольная падтрымлiваць гэты тэмп».

Звяртаючыся да тэмы аварыi на Чарнобыльскай АЭС, Прэм’ер-мiнiстр адзначыў, што ў яе вынiку пацярпелi 56 раёнаў рэспублiкi. «Радыеактыўнаму забруджванню падверглася больш за чвэрць ляснога фонду. У зоне забруджвання звыш 15 кюры аказалася 57 радовiшчаў карысных выкапняў. У сувязi з радыеактыўным забруджваннем мы вымушаны былi абмежаваць пошукава-разведвальныя работы ў паўднёвай частцы Прыпяцкай нафтагазаноснай вобласцi з рэсурсамi нафты больш за 25 млн тон».

Дапамогу пацярпелым беларускiм раёнам, паводле слоў Сяргея Сiдорскага, сёння аказваюць многiя замежныя арганiзацыi. У першую чаргу з Iталii, Германii, Японii i Кiтая.

«Уклад у справу мiнiмiзацыi катастрофы ўносяць i беларускiя навукоўцы... Зроблена нямала. Аднак нашы навуковыя арганiзацыi пакуль не могуць даць вычарпальнага адказу аб усiх медыка-бiялагiчных, сацыяльных i экалагiчных наступствах чарнобыльскай катастрофы. Мы кожны год знаходзiм нешта новае, сiстэматызуем, вядзём актыўны пошук i адказваем на пытаннi, якiя кожны год падносiць Чарнобыль».

У будучым у краiне неабходна «ўдасканальваць сiстэму радыеактыўнага манiторынгу, паэтапнага асваення адселеных тэрыторый i вяртання iх да актыўнай гаспадарчай дзейнасцi».