СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / ХАРЧАВАННЕ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ?..
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 28 лiстапада 2007 г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

ХАРЧАВАННЕ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ?..
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 28 лIстапада 2007 г.

На ўчарашнім пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Беларусi, якое прайшло пад старшынствам Прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага, падчас абмеркавання ходу рэалiзацыi прэзiдэнцкай праграмы "Дзецi Беларусi" на 2006—2010 гады, мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Уладзiмiр Патупчык паведамiў, у прыватнасцi, што з 1 студзеня наступнага года ў рэспублiцы плануецца павялiчыць да 80 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму памер дапамогi па догляду дзiцяцi ва ўзросце да трох гадоў. Адпаведны праект закона ў блiжэйшы час будзе разгледжаны парламентарыямi ў другiм чытаннi.

Акрамя таго, яшчэ адна iнiцыятыва мiнiстэрства — прапанова аб павышэннi паказчыка даходу для атрымання бясплатнага харчавання на дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Паказчык, якi дзейнiчае сёння, а гэта 60 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму, паводле меркавання Уладзiмiра Патупчыка, не дазваляе ў поўным аб’ёме выкарыстаць выдаткаваныя на гэтыя мэты фiнансавыя сродкі...

Як праiнфармаваў мiнiстр, значнай мерай матэрыяльнай падтрымкi сем’яў сёлета стала павелiчэнне памеру аднаразовай дапамогi ў сувязi з нараджэннем дзяцей. Таксама для шматдзетных сем’яў i сем’яў, якiя выхоўваюць дзяцей-iнвалiдаў, эфектыўна выкарыстоўваюцца падатковыя льготы: для iх устаноўлены штомесячны падатковы вылiк пры налiчэннi падаходнага падатку ў памеры чатырох базавых велiчынь на кожнае дзiця. Крайне важным для вырашэння жыллёвых праблем сем’яў мiнiстр назваў прыняцце ўказаў кiраўнiка дзяржавы, якiя прадугледжваюць павелiчэнне памераў фiнансавай падтрымкi шматдзетных сем’яў у пагашэннi запазычанасцi па выдадзеных ільготных крэдытах, а таксама прадастаўленне фiнансавай падтрымкi маладым сем’ям пры пагашэннi запазычанасцi па няльготных крэдытах. Прынятыя дзяржавай меры, паводле слоў Уладзiмiра Патупчыка, станоўча паўплывалi на тэндэнцыi па нараджальнасцi. Напрыклад, летась у краiне нарадзiлася на 6 працэнтаў больш дзяцей, чым пазалетась. А сёлета за 10 месяцаў нарадзiлася ўжо 86 тысяч 800 дзяцей, што на 8,5 працэнта больш у параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам.

Узровень падлеткавай злачыннасцi ў Беларусi летась удалося знiзiць на 10,5 працэнта, а за 10 месяцаў гэтага года — на 19 працэнтаў. Паменшылася i колькасць злачынстваў, што ўчынiлi падлеткi ў стане алкагольнага ап’янення. Разам з тым, паводле даных МУС, з пачатку года ў нецвярозым стане было затрымана больш за 8500 непаўналетнiх. А таму, лiчыць мiнiстр, у краiне неабходна павысiць эфектыўнасць выхаваўча-прафiлактычнай работы з непаўналетнiмi.

Пад спецыяльным медыцынскiм наглядам у Беларусi знаходзiцца больш за 210 тысяч дзяцей, якiя пацярпелi ад катастрофы на ЧАЭС. Мiж iншым, сёлета было запланавана забяспечыць пуцёўкамi на аздараўленне i санаторна-курортнае лячэнне больш як 130 тысяч дзяцей, якiя пражываюць на забруджанай тэрыторыi. За 10 месяцаў прайшлi аздараўленне ўжо амаль 120 тысяч дзяцей. Асобна на пасяджэннi было вылучана пытанне, якое датычыцца якасцi айчыннага дзiцячага харчавання. У прыватнасцi, прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi засяродзiў увагу прысутных на тым, што не ўся прадукцыя беларускiх вытворцаў запатрабавана пакупнiкамi. Дарэчы, сёння на складах знаходзiцца каля 1,5 мiльёна ўмоўных бляшанак з дзiцячым харчаваннем. "Калi зараз затавараны склады прадпрыемстваў, то навошта нам нарошчваць магутнасцi па яго вытворчасцi?" — запытаўся Прэм’ер. А таму, на думку кiраўнiка ўрада, шэрагу адказных мiнiстэрстваў неабходна працаваць над павышэннем якасцi i рэцэптуры дзiцячага харчавання. Толькi ў такiм выпадку можна весцi гутарку пра канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыi. "Сёння каталiзатар якасцi — наша насельнiцтва", — заўважыў Прэм’ер. А таму мы павiнны актывiзаваць працэс вытворчасцi якаснага харчавання, у першую чаргу за кошт удасканалення рэцэптуры. Толькi ў гэтым выпадку людзi на ўнутраным рынку будуць купляць харчаванне ў поўным аб’ёме, — адзначыў Сяргей Сiдорскi.