СОВЕТ МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
www.government.by
    
Главная / Пресса о Правительстве / УПОР — НА ЯКАСНУЮ АДУКАЦЫЮ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 30 мая 2007г.
Рус    Eng    Бел    
 
 

УПОР — НА ЯКАСНУЮ АДУКАЦЫЮ
«Звязда», Iгар Шчучэнка, 30 мая 2007г.

Праграмай развiцця агульнай сярэдняй адукацыi на 2007—2016 гады прадугледжваецца аптымiзаваць нагрузку для школьнiкаў: у прыватнасцi, размова iдзе аб устараненнi складанага тэарэтычнага матэрыялу, тэрмiналагiчнай насычанасцi i залiшняй факталогii, паведамiў мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Беларусi, якое прайшло пад старшынствам Першага вiцэ-прэм’ера Уладзiмiра Сямашкi.

Мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў, прадстаўляючы праграму развiцця агульнай сярэдняй адукацыi на 2007—2016 гады, зазначыў, што асноўнай яе мэтай з’яўляецца стварэнне ўмоў для дынамiчнага развiцця навучання, якое здольна забяспечыць патрэбы грамадства, асобы i дзяржавы ў якаснай адукацыi з улiкам сацыяльнай, эканамiчнай i дэмаграфiчнай сiтуацыi. Агучваючы асноўныя пазiцыi новай праграмы, мiнiстр паведамiў, што ў рэспублiцы будзе аптымiзавацца сетка агульнаадукацыйных устаноў. Сёння ў краiне налiчваецца каля 4 тысяч школ рознага ўзроўню. З улiкам таго, што прагназуецца дэмаграфiчна абумоўленае знiжэнне колькасцi школьнiкаў, плануецца закрыць 353 з iх — як неперспектыўныя. «2011 год — своеасаблiвая дэмаграфiчная «яма», колькасць навучэнцаў будзе найменшай — каля 1 мiльёна чалавек, — заўважыў Аляксандр Радзькоў. — Але з часам мы будзем з яе выходзiць». Так, да 2016 года спецыялiсты гавораць аб пэўным росце колькасцi навучэнцаў — да 1 мiльёна 80 тысяч чалавек. Прычым, педагогi нi ў якiм разе не павiнны пацярпець у сувязi з закрыццём устаноў адукацыi. Запланавана перападрыхтаваць амаль 900 педагагiчных работнiкаў, а таксама вызначыць магчымасцi наступнага працаўладкавання каля 6 тысяч вызваленых работнiкаў.

Скарачэнне неперспектыўных пачатковых i базавых школ у сельскай мясцовасцi будзе кампенсавана пашырэннем сеткi вучэбна-педагагiчных комплексаў тыпу садок-школа, стварэннем гiмназiсцкiх i лiцэiсцкiх класаў у буйных сярэднiх школах, устаноў новага тыпу з iнтэрнатамi для пражывання, а таксама адкрыццём абласных агульнаадукацыйных лiцэяў i стварэннем лiцэяў у структуры ВНУ. На падставе рэарганiзацыi плануецца адкрыць 52 гiмназii (на 32 працэнты больш, чым iснуе зараз) да функцыянуючых 162, 17 лiцэяў (плюс 46 працэнтаў). За 10 гадоў прадугледжваецца таксама пабудаваць i ўвесцi 89 новых школ. «Па сутнасцi, тут мы выходзiм на аптымальную структуру агульнаадукацыйных устаноў», — падкрэслiў Аляксандр Радзькоў.

Мiнiстр таксама зрабiў акцэнт i на тое, што значна павялiчыцца штогадовы прыток маладых спецыялiстаў у агульнаадукацыйныя ўстановы. За перыяд рэалiзацыi праграмных мерапрыемстваў у школы прыйдуць 55 тысяч 500 маладых педагогаў. Акрамя таго, згодна з мерапрыемствамi праграмы, педагогаў чакае i павышэнне квалiфiкацыi: арганiзавана яно будзе для ўсiх катэгорый работнiкаў — настаўнiкаў-прадметнiкаў, выхавальнiкаў, сацыяльных педагогаў, псiхолагаў, метадыстаў.

Прыярытэтным напрамкам праграмы Аляксандр Радзькоў назваў стварэнне высокатэхналагiчнага адукацыйнага асяроддзя. А гэта значыць, што школы будуць забяспечвацца абсталяваннем i сродкамi навучання новага пакалення. На якасна новы ўзровень будуць выведзены i школьныя бiблiятэкi: 3622 з iх паэтапна пераўтворацца ў цэнтры iнфармацыйных рэсурсаў. Як мяркуецца, на рэалiзацыю праграмы запатрабуецца больш за 1 трыльён 166 мiльёнаў рублёў, у тым лiку на забеспячэнне сродкамi навучання i вучэбным абсталяваннем прадугледжваецца зрасходаваць 905 мiльярдаў рублёў.

Першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка, каментуючы дакумент, падкрэслiў, што гэтай праграмай закладваецца будучыня Беларусi, а таму неабходна зрабiць усё магчымае, каб у педагагiчныя ВНУ iшлi выдатнiкi, а не выпускнiкi школ, веды якiх ацэнены, напрыклад, на «здавальняюча». У сваю чаргу Аляксандр Радзькоў адзначыў той момант, што праграма прапаноўвае стварэнне педагагiчных комплексаў. Са школ, лiцэяў, гiмназiй педагагiчныя ВНУ будуць весцi адбор вучняў — будучых абiтурыентаў. На Прэзiдыуме Савета Мiнiстраў у ходзе абмеркавання праграмы таксама было вырашана ўзмацнiць пазiцыю праекта дакумента аб тым, што навучальныя тэхналогii павiнны быць максiмальна здароўе-зберагальнымi.